У Беларусі адбываецца рэкордны недахоп кадраў


Такога дэфіцыту кадраў у нашай краіне яшчэ не было. Эканоміка ставіць чарговы антырэкорд: не хапае больш за 150 тысячаў працаўнікоў. Адна з прапановаў уладаў – вярнуць беларусаў, якія з’ехалі. Пры гэтым прадпрыемствы прапаноўваюць заробкі, на якія не пагаджаюцца і мігранты з краінаў Сярэдняй Азіі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З пачатку года ў Беларусі назіраецца ўстойлівы рост, але гэта датычыць колькасці вакансіяў. На сёння ў нацыянальным банку працоўных месцаў размешчана амаль 154 тысячы прапановаў. Што ў 12 разоў перавышае запыт на гэтыя працоўныя месцы. І гэта толькі афіцыйныя звесткі.

«Зʼехала шмат людзей. Ёсць нейкія падлікі, што зʼехала каля 600 тысяч чалавек, і гэта людзі не ў пенсійным узросце. Доўгатэрміновыя наступствы – гэта стагнацыя эканомікі. Калі ў вас няма працоўных рук, якія вы можаце выкарыстоўваць у вытворчасці, то гэта азначае, што ў вас не будзе расці эканоміка», – зазначае прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Рост колькасці вакансіяў адбываецца ўжо некалькі месяцаў запар. Напрыканцы сакавіка бракавала 141 000 працаўнікоў. Разам з тым, паводле Белстату, у красавіку зноў скарацілася колькасць людзей, занятых у эканоміцы. З пачатку года адмоўнае сальда перавысіла 2600 чалавек. Адно з развязанняў гэтай праблемы – прыцягваць мігрантаў. У якасці краіны-донара лукашэнкаўскія чыноўнікі называлі Узбекістан, дзе сярэдні заробак вышэй за 400 долараў.

«Калі мы паглядзім на банк вакансіяў, то там будуць магчымасці, у якіх збольшага няма гэтых самых 400 долараў. Таму гэтае самае хуткае рашэнне для Беларусі недасяжнае. Нейкіх іншых рашэнняў у сённяшнім рэжыме няма», – зазначае Аляксандр Кныровіч.

Улады не першы год кажуць пра крытычную сітуацыю на рынку працы і прапаноўваюць розныя захады. Сярод якіх вяртанне на прадпрыемствы пенсіянераў і амаль што запрыгоньванне працаўнікоў. Чарговую ідэю агучыла намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч:

«На першым месцы па актуальнасці для Беларусі павінна зʼяўляцца задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк, а ўтрыманне сваіх кадраў. А яшчэ лепш вяртанне суграмадзянаў, якія эмігравалі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: BelarusTractors_official / Telegram

Паводле Генеральнай пракуратуры, летась праз так званую камісію вяртання ў Беларусь прыехалі толькі 10 чалавек. Пры гэтым ва ўсёй краіне працягваюць звальняць беларусаў з палітычных матываў. А на працу не возьмуць, калі чалавек адбываў адміністратыўны тэрмін па так званых пратэставых артыкулах. У красавіку журналісты выдання «Зеркало» пад выглядам такіх людзей тэлефанавалі ў шэсць найбуйнейшых беларускіх заводаў – ім паўсюль адмовілі.

«Для рэжыму больш важнае ўтрыманне ўлады. Увогуле для ўсіх аўтарытарных рэжымаў першая, галоўная мэта іх дзейнасці – гэта ўтрыманне сваёй улады. Тое вось, як апошнія гады сітуацыя. Ці паляпшае яна дабрабыт у Беларусі? Лепшыя ўмовы для працаўнікоў? Не. Ці дапамагае яна Лукашэнку ўтрымаць сваю ўладу? Відавочна, так», – мяркуе каардынатар «Нашае візіі» Вадзім Мажэйка.

Недахоп працаўнікоў і скарачэнне вытворчасці ў адных сферах эканомікі ўлады намагаюцца кампенсаваць у іншых. Паводле ўкраінскага Цэнтру беларускіх камунікацыяў, пазалетась доля Расеі ў экспарце беларускага вайскова-прамысловага комплексу дасягнула шасцідзесяці адсоткаў. А паводле звестак Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма», частка абаронных прадпрыемстваў Беларусі працуе ў тры змены.

«Стратэгічна гэта так сабе. Бо ты трапляеш у вельмі дрэнную сітуацыю. У залежнасць ад таго, як будзе ісці вайна. У залежнасць ад таго, што ты трапіш у адзін кошык з тымі, хто фактычна яе прайграе. Але такое доўгатэрміновае планаванне – не тое, што ўласціва рэжыму Лукашэнкі», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Учора Лукашэнка быў з візітам на заводзе «Легмаш» у Воршы, дзе запатрабаваў вырабляць прадукцыю, на якую ёсць попыт. Прыглядаючыся да дэталяў, якія дэманстравалі Лукашэнку, Альянс расследавальнікаў Беларусі прачытаў таварныя коды наменклатуры і назвы вырабаў. Эксперты сцвярджаюць, што «Легмаш» вырабляе складнікі для снарадаў расейскай рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град».

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»