Што цяпер адбываецца ў дзяржаўным сектары культуры?


Моцны адток кадраў назіраюць і ў сферы культуры. Аб’ём яе бюджэтнага фінансавання скрайне нізкі. Гэта вынікае з афіцыйнай статыстыкі Белстату. Якія яшчэ прыкметы сведчаць пра заняпад культурніцкай сферы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чыноўнікі рапартуюць пра новыя пляцоўкі пад культурніцкія аб’екты, і звонку мы бачым сапраўды прыгожую карцінку. Аднак прадстаўнікі праекту «Кошт ураду» звярнулі ўвагу на нюансы: за трыццацігоддзе бібліятэк паменела ўдвая, затое канцэртных арганізацыяў стала амаль на 80 % болей, зʼявіліся чатыры новыя тэатры і сямнаццаць музеяў, колькасць цыркаў засталася тая ж.

«Для Лукашэнкі культура – гэта, хутчэй за ўсе, “поющие трусы”. Ён фінансаваў менавіта тое, што звязанае з забавамі. Усё іншае – трэба было пераконваць. Я, напрыклад, шкадую, што не атрымалася прыняць праграму развіцця манументальнага мастацтва ў Беларусі. Каб у кожным горадзе Беларусі зʼявілася шмат помнікаў, прысвечаных нашай нацыянальнай культуры і гісторыі», – зазначае кіраўнік НАУ, былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

Калі ў 2009 годзе Павел Латушка прыйшоў на пасаду міністра культуры Беларусі, доля выдаткаў на культуру складала 0,4 % агульнага бюджэту. Калі ён сыходзіў у 2012 годзе, доля павялічылася да 0,7 %.

«Чаму гэта ўдалося зрабіць? Бо за гэты час я зыніцыяваў некалькі дзяржаўных праграмаў: “Замкі Беларусі” і “Культура Беларусі”, якія далі магчымасць значна павялічыць фінансаванне рэгіянальнай і цэнтральнай сферы культуры. Праграма рэстаўрацыі ўсіх тэатраў краіны. І працаваў метад, калі з дзяржаўнага бюджэту выдаткоўваюцца большыя сродкі, фактычна я стымуляваў старшыню гарвыканкаму, каб яны дадавалі са свайго бюджэту дадатковыя сродкі», – прыгадвае кіраўнік НАУ, былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэм’ера спектаклю на сцэне Магілёўскага абласнога тэатру лялек «Петр I – жизнь и деяния». 22 лютага 2024 года.
Фота: teatrkukol.by

Цяпер абʼём фінансавання сферы культуры складае палову адсотка дзяржбюджэту. Сёлета выдаткі на культуру склалі 217 мільёнаў рублёў, што на 35 мільёнаў болей, чым летась. Паводле праекту «Кошт ураду», рост толькі намінальны, бо фактычная доля фінансавання культуры ў бюджэце скарачаецца.

«Дзіўнае стаўленне ў Беларусі з боку чыноўнікаў, бо яны цалкам не разумеюць ні яе сілы, ні яе значнасці, ні яе ролі. Таму яна і ёсць у межах 0,5 %, таму сілавы блок атрымлівае ў 20 разоў болей, чым культурніцкая сфера», – лічыць кіраўнік Беларускай Рады Культуры Сяргей Будкін.

Праз нізкае фінансаванне са сферы культуры сыходзяць працаўнікі. Паўплывалі на адток кадраў і масавыя рэпрэсіі пасля выбараў 2020 года.

«Ёсць мэта зачысціць усю культурніцкую прастору, зачысціць усё, што рухаецца, што жывое. Бо жывое рэжыму не патрэбнае, яму патрэбныя мёртвыя артэфакты, якія стаяць у музеях, патрэбна падначаленасць гэтай сферы і зразумеласць яе», – сцвярджае кіраўнік Беларускай Рады Культуры Сяргей Будкін.

На яго думку любое ўкладанне ў культуру – гэта ўкладанне ў суверэнітэт краіны. Ва Украіне, нагадвае Будкін, падчас вайны доля фінансавання культуры толькі павялічылася.

Аліна Скрабунова, «Белсат»