Ірына Слаўнікава паўгода за кратамі


«Мы сутыкнуліся з аграменным ціскам на сябраў БАЖу і на ўсю незалежную журналістыку ў Беларусі», – так былая працаўніца «Белсату» Ірына Слаўнікава акрэслівала становішча Беларускай асацыяцыі журналістаў год таму – падчас чарговага сходу арганізацыі. А сёння споўнілася паўгода, як Ірыну трымаюць за кратамі. Працаўніцу польскага тэлеканалу TVP абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Адвакат перакананы, што няма падставаў для закрытага суда, кажа бацька журналісткі Аляксандр Слаўнікаў у інтэрв’ю «TVP INFO».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тым не менш, ён лічыць, што суд будзе праходзіць у закрытым паседжанні з той прычыны, што доказная база вельмі слабая. «І калі будзе адкрытае паседжанне, то ўсім будзе зразумела, што Ірына ў тых злачынствах, у якіх яе абвінавачваюць, абсалютна не вінаватая», – кажа Аляксандр Слаўнікаў.

Палітзняволенай Ірыне Слаўнікавай пагражае да 7 гадоў калоніі. Суд можа адбыцца ўжо ў траўні. Багаты травень і на іншыя гучныя судовыя справы.

Праз тыдзень, 6 траўня, у судзе Маскоўскага раёну Алена Мурашка пачне судзіць былога кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктара Фенчука. Эколага затрымалі ў жніўні 2021 года ў офісе гэтай арганізацыі, а саму прыродаахоўную ўстанову неўзабаве зліквідавалі.

Вінавацяць Віктара Фенчука ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Паводле гэтага ж 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу асуджаныя да 2 гадоў калоніі журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова. Дзяўчаты вялі рэпартаж з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

Цяпер Кацярыну Андрэеву хочуць судзіць яшчэ раз, абвінавачваючы ў здрадзе дзяржаве. Паводле новага артыкулу палітзняволенай пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы. Суд можа адбыцца ўжо ў траўні.

5 траўня скончыцца чарговы тэрмін утрымання пад вартаю галоўнай рэдактаркі БелаПАНу Ірыны Леўшынай. Пра перадачу ў суд справы БелаПАНу Генпракуратура паведамляла на пачатку красавіка. Леўшынай закідаюць стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці кіраванне ім.

У Горадні 16 траўня пачнецца суд у так званай справе Аўтуховіча. Бізнесоўца і актывіста з Ваўкавыску Міколу Аўтуховіча ды яшчэ 11 фігурантаў справы абвінавачваюць паводле шэрагу крымінальных артыкулаў, сярод якіх акт тэрарызму, здрада дзяржаве, замах на захоп улады.

А 31 траўня Вярхоўны Суд разгледзіць апеляцыйную скаргу ў так званай справе Ціханоўскага. Ад 14 да 18 гадоў зняволення 6 фігурантам справы прысудзілі летась 14 снежня ў Гомлі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»