Ці даваць АЭС ліцэнзію на эксплуатацыю? Дзяржава «раіцца» з грамадскасцю


Адпрацаванае ядравае паліва будуць захоўваць у Беларусі, на Астравецкай АЭС – прынамсі, першыя 10 гадоў. А потым будуць вазіць у Расею на перапрацоўку. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі атамнай станцыі падчас грамадскіх слуханняў аб выдачы першаму энергаблоку БелАЭС ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю. Незалежныя эксперты кажуць, што матэрыялы, вынесеныя УСЯГО за ПЯЦЬ дзён да абмеркавання, не ўтрымліваюць высноваў пра вынікі атамнай эксплуатацыі. Аднак Дзяржатамнагляд рыхтуе канчатковае заключэнне, а станцыя працуе з перарывамі і інцыдэнтамі.

Энергаблок № 1 Беларускай атамнай станцыі працуе ўжо паўгода. Але афіцыйна не ўведзены ў эксплуатацыю. Дзяржатамнагдляд мае выдаць станцыі ліцэнзію пасля грамадскага абмеркавання высноваў пра хаду доследна-прамысловай эксплуатацыі. Слуханні правялі сёння.

Фізік-атамнік з Масквы Андрэй Ажароўскі, кажа:

«На ўсе мае пытанні, якія я задаў сёння, адказваць адмовіліся ў пісьмовым выглядзе ў адпаведнасці з іх рэгламентам, адказваць адмовіліся. Гэта вялікі скандал. Проста пытанні былі для іх настолькі не зручныя, што яны пабаяліся іх зачытваць».

Фізік-атамнік з Масквы, прадстаўнік праграмы «Бяспека радыяцыйных адкідаў» Андрэй Ажароўскі аналізуе афіцыйныя дакументы, датычныя Беларускай АЭС, з 2009 года. Характар тэкстаў нязменны: «станцыя «Росатаму» будзе працаваць добра, аўтаматыка развяжа ўсе пытанні».

У вынесеным на грамадскія слуханні матэрыяле адмыслоўца не знайшоў высноваў пра вынікі паўгадовай эксплуатацыі, пра радыенукліды і аб’ём выкідаў у атмасферу, пра бяспечны вываз і захоўванне адпрацаванага ядравага паліва, званага АЯП.

«Я бы не стаў выдаваць ліцэнзію энергаблоку. Бо мы бачылі, што былі адключэнні на трансфарматарах. То бок яны неяк не правільна гэта пабудавалі. Ну і, па вялікім рахунку, гэтая станцыя не выгадная для Беларусі», – цвердзіць Андрэй Ажароўскі.

Улады кажуць пра камерцыйны сэнс Беларускай атамнай, але не называюць коштаў неразвязаных праблемаў праекту. Краіна стаіць перад пытаннем – будаваць ці не магільнікі для адпрацаванага паліва. Пытанне на мільярд еўраў, паводле сусветных коштаў.

Падчас ранішняе онлайн-канферэнцыі эколаг Таццяна Новікава патлумачыла, што выклікае пытанні эколагаў у справаздачы АЭС:

«Перад выдачай ліцэнзіі Дзяржатамнагляд мае ацаніць не толькі праектную дакументацыю, але і адпаведнасць пабудаванай АЭС праектным патрабаванням. То бок якасць металу, марка бетону, усе суправаджальныя дакументы і ўсе функцыянальныя характарыстыкі рэактарнай устаноўкі, іншых агрэгатаў, якія ўплываюць на працаздольнасць і бяспечнасць станцыі. На колькі я зразумела, яны вырашылі, што яны будуць у працэсе доследна-прамысловай эксплуатацыі і пуска-наладкавых працаў тэставаць, наколькі гэтая станцыя адпавядала заяўленым патрабаванням».

Сёння прагучала, што выкарыстанае паліва ў першыя 10 гадоў будуць захоўваць

на тэрыторыі станцыі. Падчас слуханняў спікерам давалі адно па 4 хвіліны. Не ведаючы, ці атрымае слова, Таццяна звярнулася да Дзяржатамнагляду яшчэ да пачатку падзеі:

«Калі тыя дакументы, якія вывесілі на сайце, гэта было ўсё, што яны разгледзелі, то гэтая арганізацыя непрафесійная і не адпавядае сваім функцыям. Калі гэта не ўсё, то ўзнікае пытанне, а дзе ўсё?»

Слуханні адбыліся, крытычнае меркаванне прагучала. Праўда, улічыць яго пры нейкіх абставінах ніхто не гарантаваў, зазначае старшыня праўлення ГА «Экадом» Ірына Сухій:

«У іншых сітуацыях нам удавалася дамагчыся выніку, і мы спадзяемся, што і ў гэтым пытанні мы ў нейкім моманце таксама пачнем атрымліваць вынік.

Яшчэ перад слуханнямі «Белсат» пацікавіўся ў менчукоў, ці пачуюць, з іхнага гледзішча, улады меркаванне грамадскасці:

«Хацелася б, каб пачулі, бо ў нас пад Ашмянамі дача і не хацелася б гэтых праблем».

«Калі на абмеркаванні шмат людзей выкажуцца супраць, то магчыма… а хаця… наўрад ці».

«Думаю, што падзеі мінулага года выдатна паказваюць бягучую карціну, што да стаўлення ўладаў да людзей».

«Блюзнерствам было будаваць Атамную станцыю ў краіне, якая найбольш пацярпела ад ядравага выбуху. Мелася б хаця б пакаленне мінуць… Якая была ў гэтым неабходнасць?»

Чарговая гадавіна чарнобыльскай трагедыі была 4 дні таму – 26 красавіка. Улады забаранілі ладзіць традыцыйны Чарнобыльскі шлях, які ўшаноўвае памяць ахвяраў трагедыі і не лішні раз нагадвае пра рызыкі айчыннага нуклеарнага абʼекту.

Юлія Цяльпук, «Белсат»