Еўропа пераходзіць на летні час. Як змена гадзін уплывае на здароўе


У ноч на 31 сакавіка ўсе суседзі Беларусі, акрамя Расеі, пераводзяць гадзіннікі на летні час. Гэта азначае, што Беларусь зноў апынецца ў адным гадзіннікавым поясе з краінамі Балтыі і Украіны. 

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў мае жартаўлівае тлумачэнне вялікай розніцы ў часе паміж Беларуссю і Польшчай.

«Чаму па-беларуску Вялікдзень, а па-польску Wielkanoc? Таму што дзве гадзіны розніцы: пакуль у Беларусі дзень, у Польшчы ўжо ноч», – кажа Віталь Цыганкоў.

Зрэштчы, неўзабаве гэтая розніца зменшыцца, прынамсі да кастрычніка. Прычына ў тым, што большасць краінаў Еўропы пераходзіць на летні час і пераводзіць гадзіннікі наперад.

«Лічу, што стрэлкі гадзінніка сапраўды лепей пасунуць. Няхай чалавпек, калі прыйдзе пасля працы дадому, будзе пры святле. Гэта ўздымае настрой, здаецца, што жыццё працягваецца. А не тое, што прыйшоў – і ўсё, трэба класцеся спаць», – адзначае эканаміст Аляксей Харкевіч.

З суседзяў Беларусі перавод гадзіннікаў на летні час зробяць усе за выняткам Расеі. Такім чынам, ад 31 сакавіка розніца з Польшчай складзе адну гадзіну, а з Украінай, Літвой, Латвіяй і Расеяй яе не будзе.

Адметнасць у тым, што Менск і М асква жывуць па адным часе ўвесь год, бо Беларусь ад 2011 года перастала пераходзіць на зімовы час, а Расея ад 2014-га – на летні.

«У свой час афіцыйны Менск прыняў гэтае рашэнне каб у сімвалічным сэнсе быць разам з Масквой. І яно абсалютна ні эканамічна, ні культурна не абгрунтавана. Цяжка сабе ўявіць, дзе яшчэ ў свеце ёсць дзве гадзіны розніцы на дзяржаўнай мяжы», – кажа Віталь Цыганкоў.

Упершыню на летні час у Еўропе перайшлі падчас  Першай сусвветнай вайны. Тады як і цяпер перавод гадзіннікаў тлумачылі эканоміяй электраэнергіі.

«З пункту гледжання эканомікі гэта м ае ўсё менш і менш значэння для любой краіны. Акрамя гэтага, расце доля паслуг, выдаленая праца, якія наогул не прывязаныя да падобных аспектаў. Ёсць шмат іншых фактараў, якія дапамагаюць адаптавацца пад працягласць светлавога дня», – разважае эканаміст Аляксей Харкевіч.

Чытачы тэлеграм-каналу «Белсат» паўдзельнічалі ў апытанні на гэты конт. Палова выказалася супраць вяртання практыкі пераводу гадзіннікаў. Блізу траціны выступілі за пераход на сезонны час. А пятай частцы тых, хто прагаласаваў, цяжка вызначыцца.

Дактары ж сцвярджаюць, што перавод гадзіннікаў нядобры для здароўя.

«Сардэчна-сасудзістыя хваробы, хваробы звязаныя з дэпрэсіўным і псіхалагічным станам могуць абвастрацца падчас падобнай змены часу», – кажа лекар агульнай практыкі Антон Юран.

Зрэшты, у краінах Еўразвязу апошнім часам хочуць адмяніць перавод гадзіннікаў і застацца ў натуральным, «зімовым» часе. Адпаведныя змены мусілі ўступіць у 2021 годзе, але перашкодзіла пандэмія каронавірусу. У выніку ў ЕЗ працягваюць пераходзіць на летні час.

Ян Федаровіч belsat.eu