Ці ёсць сапраўдныя плюсы ў «адкладзенай» пенсіі?


Лайфхак ад беларускага Фонду сацыяльнай абароны: адмоўся ад налічэння пенсіі, а пасля атрымай амаль удвая больш! Днямі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны зноў нагадала грамадзянам Беларусі пра ідэю так званай «адкладзенай» пенсіі як яшчэ адзін варыянт павышэння сваіх даходаў на заслужаным адпачынку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

То бок, працоўным мужчынам, якім споўнілася 63 гады, а таксама кабетам 58-гадовага веку прапануюць праз адпаведную заяву адмовіцца ад пенсіі не менш як на 2 месяцы. Важна, каб памер заробку не быў ніжэйшы за мінімальны. І тады праз 5 гадоў працы «пенсіянера без пенсіі» сацыяльныя выплаты абяцаюць павялічыць ажно ў 1,8 разу.

Але, як адзначыла працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна, трэба разумець: калі нават чалавек вырашыць адмовіцца сёння ад пенсіі, то гадоў праз пяць калі ён і будзе яе атрымліваць, то ўжо не ў тых памерах у рэальным выражэнні, на якія ён разлічваў.

«Адкладзеная» пенсія – гэта, насамрэч, спроба дзяржавы стрымаць рост колькасці спажыўцоў сацыяльных выплат пры скарачэнні падатковых паступленняў у бюджэт.

«Фонд сацыяльнай абароны – гэта, фактычна, такі кацёл, куды адкладаюць грошы тыя, хто зараз працуе, – канстатаваў эканаміст Аляксей Харкевіч. – З гэтага катла бяруць сродкі тыя, хто атрымлівае пенсію цяпер. Адпаведна, чым больш пенсіянераў – тым больш трэба сродкаў у тым катле».

Згодна з афіцыйнай статыстыкаю, у Беларусі на 4 189 600 працаўнікоў прыходзіцца 2 422 000 пенсіянераў. Той жа Белстат сцвярджае, што за мінулы год насельніцтва нашай краіны скарацілася амаль на 55 000 грамадзянаў, а ўсяго за тры апошнія гады Беларусь страціла больш за 200 000 жыхароў – без уліку тых, хто мусіў з’ехаць за мяжу. А гэта, у асноўным, працаздольныя і актыўныя падаткаплацельшчыкі.

«Разлік: многа ці мала мы будзем атрымліваць на пенсіі наўпрост залежыць ад стану эканомікі, – нагадаў Аляксей Харкевіч. – Калі ўсё будзе адбывацца так, як цяпер, то адназначна разлічваць на вялікую пенсію не даводзіцца».

У Мінсацабароны прыводзяць такі прыклад: жанчына з працоўным стажам 35 гадоў і з пенсіяй 532 рублі. Калі б яна адклала пенсійныя выплаты, то праз 5 гадоў ейная пенсія склала б 971 рубель штомесяц. Для мужчыны, адпаведна: 514 рублёў звычайнай пенсіі зараз – проці 951 рубля так званай «адкладзенай».

Пры тым, што афіцыйна сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Беларусі складае каля 64 гадоў, а жанчын – 78 гадоў. На думку Анастасіі Лузгіной, для пенсіянераў «адкладзеная пенсія» увогуле не рацыянальная. Ну, а пенсіянеркам можна было б абмеркаваць такую думку. Але, пэўна ж, давядзецца ўлічваць рызыку, якая існуе.

Варта адзначыць, што некаторыя грамадзяне Беларусі даволі скептычна ацэньваюць дзяржаўную крэатыўнасць. «Белсат» правёў адпаведнае апытанне, у выніку якога пераважная большасць – 67% рэспандэнтаў – адказала так:

«Не згодзен, бо не веру Лукашэнку і ягоным чыноўнікам. Як заўжды, падмануць».

Да 2025 года ў Беларусі страхавы стаж будзе расці штогод на шэсць месяцаў і ў выніку павялічыцца з цяперашніх 19 да 20 гадоў. Давядзецца таксама пацвярджаць агульны стаж за 31 год. Але толькі тым, хто здолее не патрапіць у так званую «пенсійную пастку».

Марына Яновіч, «Белсат»