Павел Сапелка: «Пад кіраўніцтвам Сукалы суды будуць працягваць ранейшы метад штампавання прысудаў»


Апошняя інстанцыя. Вярхоўны Суд Беларусі надзелены паўнамоцтвамі як уласна судзіць, так і адмяняць рашэнні судоў агульнай юрысдыкцыі. У крымінальных, адміністратыўных, эканамічных справах. Права дабівацца справядлівага рашэння праз Вярхоўны Суд маюць кожны грамадзянін ці юрыдычная асоба.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На справе ж у беларускіх рэаліях сітуацыя выглядае наступным чынам. Летась, згодна з афіцыйнаю статыстыкай, усе беларускія суды вынеслі толькі 0,09 % апраўдальных прысудаў. Вярхоўны Суд між іншага пастанавіў: пагадзіцца з прызнаннем вінаватым пасмяротна Генадзя Шутава, застрэленага сілавікамі падчас пратэстаў; пакінуць у сіле прысуды журналісткам «Белсату» Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай; прызначыць Віктару Бабарыку 14 гадоў калоніі; ліквідаваць Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»; ліквідаваць незалежныя прафсаюзы; ліквідаваць Саюз беларускіх пісьменнікаў; ліквідаваць «Ахову птушак Бацькаўшчыны»; ліквідаваць Беларускую асацыяцыю журналістаў.

«Мы тлумачылі, што мы не парушалі рэчы, у якіх нас вінавацілі. Мы нават адмянілі тады адно з двух парушэнняў, якія Мінюст нам інкрымінаваў. Але ўсё роўна ВС палічыў, што іск Мінюсту павінен быць задаволены», – узгадвае прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі.

Толькі летась прымусовую ліквідацыю зазналі амаль 760 некамерцыйных арганізацыяў. Лёс шмат якіх з іх вызначаў Вярхоўны Суд. Да таго ж найвышэйшы судовы орган нярэдка разглядае гучныя працэсы ў першай інстанцыі.

«Па-першае, усё, што звязанае са смяротным пакараннем, вайсковыя суды, гучныя працэсы эканамічныя, палітычныя. Проста самы высокі ўзровень расправаў аддаецца на водкуп ВС», – дадае Барыс Гарэцкі.

У Беларусі суддзяў Вярхоўнага Суда прызначае Лукашэнка. Спроба зрабіць Вярхоўны Суд больш незалежным, як і ўсю судовую сістэму, была, адзначае дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.

«У 1991 годзе была прынятая канцэпцыя судовай рэформы. І згодна гэтай канцэпцыі, былі закладзеныя такія добрыя прынцыпы судовай галіны ўлады. І там былі такія ўвогуле няісныя ў сучаснай судовай сістэме рэчы, як суд прысяжных, міравыя суддзі, спецыялізаваныя суды як ваенны, ювенальны і гэтак далей», – кажа яна.

Аднак у 1996 годзе, пасля рэферэндуму, які прайшоў са шматлікімі парушэннямі, судовая сістэма зрабілася амаль цалкам падкантрольнай Лукашэнку.

«Гэтай падзеі ніяк не супярэчыў Вярхоўны Суд. Канстытуцыйны выступіў супраць такіх зменаў, але яго разагналі. Далейшыя спробы судовых рэформаў усё ўзмацнялі прывязку да прэзідэнта», – распавядае Крысціна Рыхтэр.

Ад 1997 года нязменным старшынём Вярхоўнага Суда застаецца Валянцін Сукала. Пры ім судовая сістэма атрымала большую юрыдычную самастойнасць, у тым ліку незалежнасць ад Міністэрства юстыцыі.

«Гэтая вось юрыдычная незалежнасць. Яна ў нейкай ступені была атрыманая судамі пад свайго роду гарантыі, што менавіта пад кіраўніцтвам Сукалы суды будуць працягваць ранейшы метад штампавання прысудаў, якія пацвярджаюць абвінаваўчую пазіцыю», – кажа праваабаронца Павел Сапелка.

А ці можаце вы спадзявацца на справядлівае рашэнне Вярхоўнага Суда ў справах, не звязаных з палітыкаю?

«Паспрабуйце аспрэчыць нейкае рашэнне органу ўлады, выканкаму, падатковай інспекцыі – вы тады зразумееце, што вось гэтая спайка паміж судамі, выканаўчай уладай і дзяржаўнай уладай – яна вельмі моцная і чалавеку там дакладна няма месца», – дадае праваабаронца.

Развязанне праблемы прадстаўнікі дэмакратычных сілаў бачаць у рэформе судовай сістэмы. Старшыня экспертна-аналітычнай камісіі БСДП Міхаіл Пастухоў распрацаваў прапановы для яе рэалізацыі. Сярод іх: забеспячэнне рэальнай незалежнасці судоў і суддзяў, паглыбленне спецыялізацыі суддзяў, стварэнне спецыялізаваных судоў ды інстытуту прысяжных засядацеляў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»