Канфлікт вакол Кіева-Пячэрскай лаўры пачаў разрастацца


З самай раніцы пры ўваходзе ў Кіева-Пячэрскую лаўру збіраюцца прыхаджане. Прыхільнікі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату прыйшлі адстойваць яе не толькі малітвай, але і фізічнай прысутнасцю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

29 сакавіка Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату мусіла пакінуць Ніжнюю лаўру. А 30-га – дапусціць да працы адмысловую камісію ад Міністэрства культуры. Ні тое, ні другое выкананае не было.

Памяшканне, у якім павінен быў адбывацца акт прыёму і перадачы маёмасці дзяржаўнай установе, было зачыненае знутры. Звонку тэрыторыю акружылі вернікі.

«Украінская праваслаўная царква і ўсе людзі, вельмі нас шмат, мы хочам, каб нашай царквы не закрывалі, разумееце, тут нас абвінавачваюць у тым, чаго насамрэч няма», – кажа прыхаджанка Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.

Прыхільнікі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату паспелі пасварыцца і з прадстаўнікамі Праваслаўнай царквы Украіны. Пераходзіць у якую першыя наадрэз адмовіліся.

«Я лічу, што проста ўрад цяпер вяртае царкву, якая спрадвеку падпарадкоўвалася Канстанцінопалю і ніколі Маскве, ну, уласна з канца XVII стагоддзя – Маскве», – кажа прыхаджанін Праваслаўнай царквы Украіны.

Да вернікаў накіраваўся намеснік Свята-Успенскага манастыра Кіева-Пячэрскай лаўры мітрапаліт Павел. Па дарозе не абышлося без сварак святароў з журналістамі. Паводле ўладыкі, дзеянні камісіі незаконныя:

«Нам патэлефанавалі з ААН, што ні Міністэрства культуры, ні дырэктар музею не маюць права гэта рабіць, бо няма судовага рашэння. Мы падалі пазовы, але не атрымалі ніякіх адказаў, суда яшчэ не было. Гэта рэйдарскія захопы».

Напярэдадні мітрапаліт Павел у сваёй вячэрняй заяве прыгразіў Уладзіміру Зяленскаму Божай карай за высяленне духавенства з Лаўры:

«Кажу вам, спадар прэзідэнт, і ўсёй вашай зграі, што нашыя слёзы не ўпадуць на зямлю, яны ўпадуць вам на галаву. Вы думаеце, што, увайшоўшы ва ўладу на нашых спінах, вы можаце так паступаць? Гасподзь не даруе ні вам, ні вашай сям’і!»

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны апісаў усе дзеянні, якія цяпер адбываюцца вакол святыні, як крок да ўмацавання духоўнай незалежнасці дзяржавы. А таксама да абароны ад старых і цынічных маскоўскіх маніпуляцыяў рэлігіяй. У той жа час зʼявілася рэакцыя Масквы, якая асудзіла ціск на святароў і высяленне манахаў з Кіева-Пячэрскай лаўры.

Юлія Макаранка, Дзмітрый Дзяркач, «Белсат»