Саўмін забараніў цягам трох месяцаў вывозіць з Беларусі рыс


Саўмін забараніў цягам трох месяцаў вывозіць з Беларусі рыс, крупы, макарону і муку грубага памолу. Мэта – прафілактыка дэфіцыту і захаванне харчовай бяспекі краіны. Рэч у тым, што Украіна належыць да асноўных экспарцёраў збожжа ў свеце. Чакаецца, што вайна прывядзе да росту сусветных коштаў на харчы. Замест таго, каб скончыць вайну, Масква змагаецца з санкцыямі – Крэмль прапанаваў пашырыць спіс экспартаваных за рублі тавараў з Расеі: дадалі ўгнаенні, збожжа, алей, нафту, вугаль, металы і лес.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сямейная ферма ў Камарове на захадзе Украіны. 800 гектараў зямлі пад восеньскую пшаніцу, сою і рапс. Гаспадар Яраслаў Шакала заснаваў ферму 30 гадоў таму на месцы савецкага калгасу. Ягоныя бацькі бацькі прайшлі праз сталінскія рэпрэсіі.

«У найгоршым выпадку развіцця падзеяў, маім унукам усё давядзецца пачынаць з нуля», – непакоіцца фермер.

Гэтыя тэрыторыі не акупаваныя, таму насенне – у зямлі. На ўсходзе Украіны пасяўная ўпушчаная.

«Калі чатыры ўсходнія вобласці не змогуць пасеяць і займацца вытворчасцю, бо чарнаморскія парты будуць адрэзаныя… мы можам арганізаваць лагістыку праз Еўропу, Польшчу», – кажа Яраслаў Шакала.

Агулам па краіне страты на сёння складаюць 30 адсоткаў – кажа прэзідэнт «Украінскай аграрнай канфедэрацыі» Леанід Казачэнка. Акупанты замінаюць фермерам пастаўляць угнаенні на палі, мінуюць палеткі.

Летась Кіеў экспартаваў 72 мільёны тонаў зерневых культур. У гэтым сезоне меўся прадаць яшчэ больш – пасля рэкорднага ўраджаю ў 112 мільёнаў тонаў.

85 % экспарту зернявых Украіна транспартавала Чорным морам. Расея блакуе гэты шлях. Спыніла амаль сотню судоў з харчаваннем і разбамбіла прынамсі тры транспартныя караблі.

«Яны пачалі ствараць гуманітарныя праблемы, узрываючы склады захоўвання харчавання, знішчаючы вялікія прадпрыемствы па вытворчасці мяса птушкі і яек. У Херсонскай вобласці тры мільёны птушкі памерла, таму што не далі туды паставіць корм для гэтай птушкі. Нашыя людзі, якія там працавалі, стаялі на каленях», – распавёў Леанід Казачэнка.

Гаворка пра кампанію «Авангард» – аднаго з найбуйнейшых вытворцаў яек у свеце. Тое самае адбылося з фабрыкай у Харкаўскай вобласці, дзе памерлі больш за мільён птушак. Акупанты не дазволілі вырабіць з птушкі мяса і даставіць насельніцтву, якое падобным чынам гіне ад голаду, адрэзанае ад гуманітарнай дапамогі.

«Многія людзі кажуць, што гатовыя памерці тут, але «мы нікуды не паедзем». Гэта вельмі балюча. Мне вельмі балюча казаць… Я ведаю людзей, якіх ужо няма і тых маці, якія згубілі сваіх дзяцей», – апусціў вочы Леанід Казачэнка.

Прычына – арганізаваны расейскім агрэсарам голад і адсутнасць вады, хваробы, да якіх прыводзіць антысанітарыя і раненні. Сёння ж пад Кіевам у выніку абстрэлу згарэў харчовы склад. Плошча пажару склала 20 тысяч квадратных метраў. У Радзе Бяспекі ААН кажуць пра гуманітарную катастрофу ва Украіне і магчымы крызіс у свеце. На сёння без зерня з Украіны цярпяць 18 мільёнаў чалавек з бяднейшых краінаў.

«Украіна – адзін з найбуйнейшых экспарцёраў пшаніцы і кукурузы, таму гэта можа быць крызіс для ўсяго свету. Гэтая не толькі нашая вайна, гэта еўрапейская вайна, і Украіна абараняе Еўропу», – кажа эканамічная дырэктарка фермы Алеся Шакала.

Доля Украіны і Расеі складае 30 % сусветнага рынку ячменю і пшаніцы, 20 % – кукурузы і 80 % сланечнікавага алею. Пастаўкі ў Расеі заблакаваныя праз санкцыі. Паводле форсайтынгавага аненцтва EXIMAR, апроч Афрыкі голад і гіперінфляцыя пагражае краінам Сярэдняй Азіі і мусульманскага свету. Еўропа – не выключэнне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»