«Будзеш плаціць за тое, што ў цябе ёсць кватэра». Гледачы «Белсату» пра новыя змены для «дармаедаў»


Сяржук Тоўсцікаў паехаў у Вільню на здыманне серыялу пра Акрэсціна. У ягонай кватэры ў Беларусі жывуць цяпер сябры, а сам актор зразумеў, што вяртацца ў Беларусь яму небяспечна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я чалец Саюзу тэатральных дзеячаў, плачу тэатральныя ўнёскі раз на год – і я плаціў звычайную камуналку», – тлумачыць Сяржук Тоўсцікаў.

Але сітуацыя мае змяніцца – Савет Міністраў пастановай № 166 унёс змены ў дакументы, датычныя так званага дармаедскага дэкрэту. Цяпер тыя беларусы, якія не плацяць падаткаў у Беларусі і выехалі за мяжу больш як на месяц, будуць вінныя ў поўным аб’ёме плаціць за камунальныя паслугі на радзіме.

«Дзяржаўны памежны камітэт фармуе звесткі пра грамадзянаў, якія выехалі за межы Рэспублікі Беларусь на тэрмін, большы за 30 каляндарных дзён запар, і перадае іх у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны штомесяц да 5-га дня», – гаворыцца ў пастанове Савету Міністраў № 166.

Адлік часу пачаўся ўжо 1-га сакавіка. Выключэнне – выезд на лячэнне, які трэба пацвердзіць дакументамі на расейскай або беларускай мове.

Гледачоў «Белсату» змены, уведзеныя Саветам Міністраў, абураюць.

«Будзеш плаціць за тое, што ў цябе ёсць кватэра… Ну, неяк так, карацей».

«Калі я за мяжой больш за паўгода, я мушу за камуналку плаціць???»

«Відаць, так, нават калі там ёю ніхто і не карыстаецца».

«Іншымі словамі, калі ты зʼехаў, скасаваўшы дамовы з водаканалам, электрасеткамі, аблгазам, то ўсё адно з ЖЭСу будзе прыходзіць разлікоўка, у якой будзе сума, і гэтая сума будзе абсалютна адвольнай – такой, як яны хочуць, а аспрэчыць гэта будзе немагчыма, бо сістэма налічэння камуналкі ў нас па-ранейшаму непразрыстая», – пішуць гледачы «Белсату» ў нашых сацсетках.

Рэальнай сувязі паміж аплатаю падаткаў у Беларусі ды фігураваннем у базе дармаедаў не было і дагэтуль, сцвярджае беларуска, што працуе ў польскай фірме. На ўмовах ананімнасці жанчына распавяла, што летась, нават нягледзячы на выплачаныя ў Беларусі падаткі, улады залучылі яе ў базу дармаедаў. Квітанцыя за камунальныя паслугі пасля гэтага пацяжэла на сто шэсцьдзесят рублёў.

«У мяне была магчымасць узяць даведку, што я працую ў Польшчы, падаць даведку ў адміністрацыю свайго раёну – і гэтага было дастаткова, каб мяне прыбралі з базы дармаедаў», – тлумачыць жанчына.

А вось Ганна (імя змененае) мусіла выехаць з Беларусі ў 2020-м, але дагэтуль не можа дабіцца выключэння з базы дармаедаў, хаця цяпер дзяўчына навучаецца і працуе за мяжой. Цэны ж паводле поўных тарыфаў – уражваюць! Гэтак, за паўгода кошт газу, якім ацяпляецца дом Ганны, павялічыўся ажно ў 5 разоў.

«Мая арганізацыя зʼяўляецца не зусім добрай у Беларусі, іншай дамовы ў мяне няма, праз вучобу ў мяне не атрымалася, зараз я шукаю іншую працу, якая мне зробіць дамову я паспрабую яе выслаць у Беларусь, але ўлічваючы што зараз увогуле ўсе мігранты будуць плаціць па завышаных тарыфах я не ведаю ці ўвогуле будуць мае высілкі мэтазгоднымі», – кажа Ганна.

Цяпер нашыя суразмоўцы, як і тысячы іншых беларусаў, што зʼехалі з краіны ды плацяць падаткі на новых месцах, будуць мець дадатковыя выдаткі на камуналку за свае кватэры ў Беларусі, калі чыноўнікі палічаць іх незанятымі ў эканоміцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»