Лукашэнка прыляцеў у Зімбабвэ замацоўваць палітычныя кантакты


«Найвышэйшы ўзровень дзяржаўнага візіту!» – рапартавалі дзяржаўныя медыі. І распавядалі пра пачатак беларуска-зімбабвійскага бізнес-форуму ў Харарэ ды пра стварэнне хабу для продажу беларускіх тавараў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Лукашэнкаўцы хочуць развіваць вось гэтую “далёкую дугу” знешняй палітыкі, ісці ў краіны Азіі, Афрыкі, – патлумачыў каардынатар экспертнай сеткі «Нашае меркаванне» Вадзім Мажэйка. – Пэўна ж, лагічна ісці туды, дзе гатовыя на вышэйшым узроўні прымаць!»

Рэспубліка Зімбабвэ – дзяржава ў паўднёвай частцы Афрыкі, паміж вадаспадам Вікторыя, рэкамі Замбэзі ды Лімпопо. Плошча – амаль 391 тысяча квадратных кіламетраў. Налічвае каля 15 мільёнаў жыхароў. Валавы ўнутраны прадукт – 2908 долараў на асобу. Займае 133-е месца са 167-мі ў індэксе дэмакратыі ды 99-е са 110-ці – у рэйтынгу «адмывання» грошай.

Цяперашні прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа мае мянушку «Кракадзіл» за схільнасць да рашучых дзеянняў, жорсткасць і палітычную хватку.

«Лукашэнка паляцеў замацоўваць і палітычныя кантакты, – працягнуў Вадзім Мажэйка. – Бо любы візіт у краіну, дзе яго прымаюць на ўзроўні прэзідэнта, – гэта, безумоўна, важна і прыемна. Ну, і эканамічныя кантакты з тым жа золатам, з тым жа гандлем зброяй ды іншым такім. Вядома, мы не ведаем дэталяў. Не ведаем, наколькі гэта карысна беларускаму бюджэту, беларускаму грамадству».

Карысць, вядома ж, чакаецца. У складзе дэлегацыі – бізнесовец Аляксандр Зінгман, па сумяшчальніцтву ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі. Зімбабвійскі офіс ягонай кампаніі месціцца акурат у тым жа будынку, дзе і біржа гандлю дыяментамі. І менавіта Зінгман, паводле дадзеных Беларускага расследавальніцкага цэнтру, шчыруе ў зімбабвійскім кірунку.

«Ён з’яўляецца ганаровым консулам Зімбабвэ ў Беларусі, у яго ёсць такая кампанія “AFTRADE DMCC”, якая гандлюе тэхнікай. Яна знаходзіцца ў Арабскіх эміратах, але гандлюе таксама тэхнікай у Афрыцы. Па сутнасці, ён – манапаліст па пастаўцы тэхнікі на Афрыканскі кантынент», – канстатаваў журналіст Алесь Ярашэвіч.

Як безумоўнае дасягненне было паднесена сённяшняе заключэнне мемарандуму Менскім трактарным заводам з дылерам «AFTRADE DMCC» на экспарт за бліжэйшыя два гады 3575 беларускіх трактароў. Для параўнання: за папярэднія 4 гады не паставілі і дзвюх тысяч. Прычым далёка не ўсё, што было куплена і прададзена паміж Менскам і Харарэ, зафіксавана дакументальна, як належыць паводле закону.

«Вось гэтыя ўсе дамовы, пра якія пішуць СМІ, наконт пажарных машын, 2000 адзінак сельгастэхнікі – яны па Белстату не праходзяць. Значыць, яны маюць шэрую схему, – такую выснову зрабіў палітолаг-афрыканіст Андрэй Рудык. – Усім вядома, што Расея, спрабуючы абысці заходнія санкцыі з 2014 года ў сувязі з агрэсіяй на Данбасе і часовай анексіі Аўтаномнай рэспублікі Крым, праз Беларусь, праз пастаўкі ў Афрыку спрабавала Расея абысці тыя санкцыі».

Афіцыйная частка візіту Лукашэнкі ў Зімбабвэ пачнецца толькі заўтра. Пакуль жа мясцовыя медыі ўзгадваюць аб скандалах, звязаных з супрацаю двух рэжымаў. Пра пажарныя машыны коштам «Роўлз-Ройсаў», пра не збудаваныя з удзелам Беларусі цеплаэлектрастанцыю і чыгунку… Тым не меней, абвешчана пра планы «запусціць другі этап зімбабвійска-беларускай праграмы сельскагаспадарчай механізацыі.

Марына Яновіч, «Белсат»