Габрэйскае агенцтва працягне працу ў Беларусі


Міжнародная сіянісцкая арганізацыя «Сахнут» працягне сваю працу ў Беларусі, яе не зачыняюць. Як даведаўся «Белсат», Габрэйскае агенцтва для Ізраілю на гэты момант не мае забароны ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі на рэпатрыяцыю габрэяў на гістарычную радзіму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Габрэйскае агенцтва даручыла свайму эмісару ў Менску спыніць дапамогу ў перасяленні этнічных габрэяў з Беларусі ў Ізраіль – такую інфармацыю паведаміла выданне «JERUSALEM POST» са спасылкай на ўласныя крыніцы. Агенцтва вядомае па ўсім свеце пад назвай «Сахнут».

«Адной з меркаваных прычынаў могуць быць цесныя сувязі між Расеяй ды Беларуссю і напружанасць між Габрэйскім агенцтвам і Расейскай Федэрацыяй з прычыны дзейнасці агенцтва. Міністэрства юстыцыі РФ абвесціла “Сахнут” замежным агентам, якога трэба ліквідаваць», – піша аўтар артыкулу ў «JERUSALEM POST» Цвіка Кляйн.

Пасля публікацыі аб меркаванай замарозцы дзейнасці выданне звярнулася ў «Сахнут» за афіцыйным каментаром, там абверглі гэтую інфармацыю. Потым «JERUSALEM POST» паведаміла, што даручэнне аб спыненні дзейнасці было адклікана назад. Выданне спасылаецца на дзве крыніцы, якія нібыта бачылі афіцыйную перапіску.

«Ніякіх праблемаў у Габрэйскага агенцтва ў Беларусі няма, яно як працавала, так і працуе. Ёсць пэўныя скарачэнні дзейнасці, але яны звязаныя не з нейкімі дзеяннямі ўладаў, а з пэўнымі ўнутранымі рэчамі, з Ковідам, з летнімі адпачынкамі», – паведаміў Давід Шэхцер, прэс-сакратар «Сахнуту» (2010–2021).

«Сахнут» – сіянісцкая арганізацыя, то бок агенцтва дзейнічае дзеля аб’яднання і адраджэння габрэйскага народу на ягонай гістарычнай радзіме – у Ізраілі. Таксама «Сахнут» наладжвае сувязі між габрэйскімі дыяспарамі па ўсім свеце і займаецца габрэйскім выхаваннем патэнцыйных рэпатрыянтаў і новых эмігрантаў.

«Зараз Ізраіль трохі менш зацікаўлены ў эмігрантах, чым гэта было ў 1960-1990 гады. Але, тым не менш, гэта важны механізм умацавання і развіцця Ізраілю як дзяржавы, якая існуе ў вельмі неспрыяльным атачэнні», – распавядае дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Аддзяленне «Сахнуту» у расейскай сталіцы насамрэч пад пагрозай закрыцця. У Басманным судзе Масквы зарэгістраваная позва Міністэрства юстыцыі аб тым, што Габрэйскае агенцтва – замежны агент, і нібыта незаконна збірае звесткі пра расейскіх грамадзян.

«Вісіць пытанне аб закрыцці з нейкіх тэхнічных пытанняў, але пытанне вісіць з лета ці вясны, і вынік невядомы. Але цяпер “Сахнут” працуе, як працаваў і раней», – падкрэсліў Давід Шэхцер.

Адмыслоўцы адзначаюць, што «Сахнут» стаў інструментам высвятлення стасункаў між Ізраілем і Расеяй. Уладзімір Пуцін у сваіх антыўкраінскіх выказваннях актыўна выкарыстоўвае памяць пра Галакост – масавае знішчэнне габрэяў гітлераўцамі. Разам з тым Расея купляе дроны-камікадзэ ў Ірана – ваеннага ворага Ізраілю. Але ізраільскі ўрад вельмі асцярожна каментуе палітычныя стасункі і з Масквой, і з Менскам.

«Прынцып “рэал палітык” – прагматычны падыход – абсалютна дамінуе, асабліва калі мы кажам пра постсавецкую прастору. Гэтаму яшчэ спрыяюць бізнес-інтарэсы, лабісцкія адносіны», – тлумачыць дырэктар інстытуту «Палітычная сфера».

Як нагадвае Андрэй Казакевіч, улады Ізраілю ўстрымліваліся ад асуджэння дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі ў 2020-м годзе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»