Ці ўтрымае РПЦ свае «кананічныя тэрыторыі»?


Пазіцыю выразілі на ўсеагульным сходзе Літоўскай праваслаўнай царквы ў Вільні. На ім жа, найперш праз няясную пазіцыю Сіноду Расейскай праваслаўнай царквы што да вайны ва Украіне паводле епіскапа Тракайскага, вікарыя Віленскай епархіі Амвросія: «Было таксама выказанае нашае жаданне прытрымлівацца шляху большай царкоўнай незалежнасці. Менавіта атрымання статусу самакіравальнай царквы. Такі ж, як у Латвіі ды Эстоніі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Маўляў, гэта б дазволіла прывесці кананічны статус царквы да фактычнага стану. Бо адміністрацыйна і фінансава Віленская і Літоўская епархія і так, лічы, незалежная. Не адмаўляюць там і магчымай у будучыні аўтакефаліі. Амвросій дадае:

«Гэта наступны этап, да якога, спадзяюся, мы таксама прыйдзем раней ці пазней. Але трэба зрабіць першы крок і мы яго зрабілі. Мы просім менавіта аб статусе самакіравальнай царквы».

Аднак да пазіцыі самой ЛПЦ усё ж ёсць пытанні. Сёлета напрыканцы чэрвеня мітрапаліт Інакенцій адхіліў ад служэння чатырох святароў быццам бы за ўчыненыя кананічныя злачынствы. Маўляў, яны самастойна звярнуліся да Канстанцінопальскага патрыярхату і прасілі аднавіць для Літвы кананічнае яму падпарадкаванне. Святар Алаяксандр Шрамко кажа:

«Як бы выступаюць супраць вайны, але ж святароў пераследуюць менавіта за гэта. Яны потым прыдумалі, што гэтыя святары збіраліся рабіць раскол. На самой справе я гэта ўсё назіраў зблізку, што яны казалі. Гэта мае сябры. І я магу запэўніць, што ні ў каго ў галаве гэтага не было».

Звярнуліся да Патрыярха Канстанцінопальскага святары ўжо толькі пасля адлучэння. Бо ім трэба недзе служыць, кажа айцец Шрамко. Цяперашнюю ж выразную антываенную пазіцыю ЛПЦ святар тлумачыць найперш жаданнем не згубіць мясцовых прыхаджанаў. Аляксандр Шрамко дадае:

«У іх такі экспартны варыянт для мясцовых уладаў і грамадства, што мы будзем казаць тое. А насамрэч будзем так “вась-вась” з Маскоўскім патрыярхатам. А гэтыя святары – яны шчыра выступілі супраць вайны, па-сапраўднаму, не проста так, каб паказаць».

Дык ці можна назваць ЛПЦ гэткім завуаляваным філіялам «русского мира» ў Літве? Паводле доктара палітычных навук Вадзіма Валавога:

«Цяжка казаць пра існаванне нейкага рускага свету ў Літве. Таму і пра тое, што нехта гуртуецца вакол гэтай ідэі, цяжка казаць. У тым ліку таму, што і сама царква, як я і сказаў, не з’яўляецца значным палітычным фактарам».

І ўсё ж пакуль Літоўская праваслаўная царква фактычна застаецца проста епархіяй, царкоўна-адміністрацыйнай акругай РПЦ, то бок не мае кананічнай самастойнасці. Статус самакіраванай царквы дазволіў бы ёй, напрыклад, больш незалежна вырашаць унутраныя адміністрацыйныя і кадравыя пытанні. Апытаныя намі віленчукі падтрымалі гэтую ідэю.

А як уласна паводзіцца РПЦ, калі праз відавочную таксічнасць Маскоўскага патрыярхату ўсё больш яе замежных структураў задумваюцца пра, як мінімум, большую незалежнасць? Вядома ж, узмацняе кантроль, створаная нават адмысловая камісія, кажа рэлігіязнаўца Наталля Васілевіч. Аднак, ці дапаможа гэта РПЦ утрымаць так званыя кананічныя тэрыторыі?

«Распад РПЦ ужо пачаўся. Тое, што Украіна аддзяляецца ад РПЦ, не хоча больш быць у складзе Маскоўскага патрыярхату. Гэта значыць, што РПЦ губляе трэць сваіх прыходаў. Перастае быць фактычна найбольшай праваслаўнай царквой у свеце», – кажа Наталля Васілевіч.

А што да пазіцыі Беларускай праваслаўнай царквы? Фармальна, яна мае нашмат большую самастойнасць, чым літоўская. Ёсць адзіны прапісаны ў структуры РПЦ беларускі экзархат. Яму падпарадкоўваюцца асобныя епархіі ўнутры Беларусі. Ёсць асобны орган кіравання – Святы Сінод БПЦ, на чале якога стаіць патрыяршы экзарх Беларусі. Аднак, выразных антываенных заяваў ад БПЦ не было. Наталка Васілевіч дадае:

«Пра падтрымку вайны мы гэтыя факты збіраем і на канале “Хрысціяне супраць вайны”, і на канале хрысціянскай візіі паказваем тых святароў, тыя супольнасці, якія падтрымліваюць вайну. Свята-Елізавецінскі манастыр у першую чаргу. Супольнасць, якая займаецца такой сістэматычнай падтрымкай расейцаў у іх агрэсіі супраць Украіны».

Аднак асноўная праблема БПЦ, кажа Наталля, у залежнасці Царквы ад рэжыму Лукашэнкі. Царкоўныя ўлады пакуль дзеюць выключна ў кантэксце афіцыйных наратываў. Асобныя ж антываенныя галасы святароў падаўляюцца як самой Царквой, так і рэпрэсіўнымі структурамі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»