Колькі каштуе сустрэць Новы год?


Новы 2022 год шматлікія беларусы будуць сустракаць за мяжой. Але ўсіх іх будуць аб’ядноўваць навагоднія кулінарныя традыцыі. У наступным сюжэце мы раскажам пра тое, колькі каштуе накрыць традыцыйны навагодні стол у міграцыі і параўнуем яго кошт у Літве, Польшчы, Украіне і Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да Новага году – лічаныя дні. Аліўе, курыца, рыба між іншага будуць на святочным стале беларускай сям’і. Ад 70-80 рублёў да 300-400 складаюць рахункі перадсвяточных закупаў беларусаў, распавяла «Белсату» касір адной з менскіх крамаў, што пажадала застацца інкогніта.

«Вось зеляніна для святочнага стала, агурок, аліўкі», – кажа беларус у Вільні Алесь Адамовіч.

А таксама доктарская каўбаса, сыр, сала, нарэзаная салямі, буракі, садавіна і агародніна для салатаў. Харчы для святочных страваў Алесь Адамковіч набываў у віленскіх крамах: мужчыне давялося пераехаць з Беларусі ў Літву. Агульны кошт навагодняга стала спадара Алеся склаў 86 беларускіх рублёў.

Беларус Артур Прыходзька разам з сямʼёй зараз жыве ва Украіне. Закупы на Новы год ён робіць на Абалонскім рынку: там танней, чым у супермаркетах, і можна набыць фермерскую прадукцыю: мёд, сыры, хатнюю птушку. Паводле Артура, навагодні стол, які будзе «ламіцца» ад ежы, можна накрыць за 90-110 беларускіх рублёў.

«Набываем мы мандарыны і хурму – гэта набор навагодні. Ну і ўсе, пакуль што. Яшчэ цытрыну, апельсіны. Ну яшчэ набываем курыцу, ці качку робім на ўсю сямʼю. Ну і натуральна гародніну», – распавядае герой сюжэту.

Такім чынам, каўбаса салямі нарэзаная 100 грам найдаражэйшая ў Літве. Бляшчанка гарошаку найбольш каштуе ва Украіне. Кілаграм курыцы танней за ўсе ў Польшчы. Самая дарагая бутэлька шампанскага – у Беларусі, а мандарыны – у Літве. Уражваюць кошты на беларускія агуркі – яны амаль у паўтары разы даражэй за астатнія. Гэтак найбольш дарагі набор з такіх прадуктаў выйшаў у Літве, таннейшы – у Польшчы.

Аднак розніца ў кошце прадуктовага кошыка ў чатырох краінах-суседках не такая вялікая, як розніца ў заработнай плаце. Паводле статыстычных дадзеных, самы высокі сярэдні заробак у Польшчы – прыблізна 2230 беларускіх рублёў, тады як у Беларусі – самы нізкі і складае каля 930 беларускіх рублёў. Па выніках апытання Беларускага эканамічна-даследчага цэнтру Берок, болей за 36 адсоткаў беларусаў вымушаныя эканоміць на ежы.

«Безумоўна адбыўся рост цэн – гэта прызнаюць усе. Інфляцыя выйшла за межы мэтавага паказчыка. Цэнтрабанк планаваў інфляцыю на гэты год да 5 працэнтаў, у выніку яна складваецца каля 9 працэнтаў. Многія людзі гавораць аб тым, што асабліва павысілася цана на іх прадуктовы кошык», – дае адзнаку сітуацыі эканаміст BEROC Леў Львоўскі.

На тое, што ў гэтым годзе ў беларусаў будзе больш сціплы новы год, уплывае не толькі інфляцыя, але і палітычная сітуацыя ў краіне. Нашыя падпісанты каментуюць надыходзячыя святы наступным чынам:

«Ды ў мяне грошай 2 рублі засталося».

«Ніякага стала. У новай Беларусі трэба святкаваць. Цяпер не час».

«Не да святаў, другі год фашызму ў краіне, нахабна, у адкрытую».

«Не ашчаджаю, бо “навагодняга стала” не будзе. Ціха паглядзім Ціханоўскую, выпʼем па куфлі за ўсё добрае, што мусіць здарыцца».

Святкаваць Новы год ці не – кожны вырашае сам. А разам будзем верыць у тое, што 2023 год усе беларусы будуць сустракаць за дамашнім святочным сталом на сваёй Радзіме.

Наста Печанькова, «Белсат»