Да чаго прывядзе масавае знішчэнне НКА?


«Гэта карныя метады, рэпрэсіўныя». У Беларусі масава знішчаюць НКА.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ліквідацыя НКА – не новая гісторыя для Беларусі. Першая хваля ліквідацыі была ў 1999 годзе, а другая – у 2001–2004-м.

Але такога ціску, як цяпер, арганізацыі сапраўды ніколі не адчувалі.

Пад ліквідацыю трапілі нават найстарэйшыя грамадскія арганізацыі, якія працавалі з 90-х. «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Таварыствы беларускай мовы і беларускай школы.

«Усё, што адбываецца, хутчэй, катастрофа. Акрамя ліквідацыі на арганізацыі аказваецца сур’ёзны ціск. Мы назіраем выпадкі крымінальнага і адміністратыўнага пераследу. 8 праваабаронцаў знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі», – кажа праваабаронца Вольга Смалянка.

За грамадскую актыўнасць каралі і раней. 17 асобаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. Артыкул, які прадугледжваў адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных або пазбаўленых рэгістрацыі недзяржаўных арганізацыяў, скасавалі тры гады таму. Цяпер вярнулі.

«Гэта не мае ніякіх адносінаў да законаў, гэта карныя метады, рэпрэсіўныя, якія ўжывае ўлада, каб выціснуць іншадумцаў з краіны, пасадзіць, прымусіць замаўчаць», – лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Каб пазбегчы пераследу, многія актывісты вымушаныя пакінуць Беларусь.

«Пра тых, пра каго я магу нешта ведаць, частка сядзіць, частка зʼехала, частка легла на дно і паняцця не маю, дзе яны. Як цяпер? Наколькі я ведаю, нейкія ініцыятывы хочуць на рэферэндуме пачынаць, рабіць кампанію назірання. Мне цяжка ўявіць, як яны будуць гэта рабіць, дзе яны будуць браць валанцёраў», – распавядае Раман Ціхановіч, палітычны актывіст і валанцёр «Вясны».

Выехаў і Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасцю – найбуйнейшай і фактычна адзінай праваабарончай арганізацыі такога кірунку. Яе таксама закранула рашэнне аб ліквідацыі. Куды ж цяпер у Беларусі можа звярнуцца чалавек, правы якога парушаюцца?

«Я б казаў пра арганізацыі людзей з інваліднасцю, якія ёсць у Беларусі. Ну, мусіць, і ўсё. Да дзяржаўных устаноў? Мой досвед кажа, што нулявы эфект», – адказвае Сяргей Драздоўскі, дырэктар «Офісу па правам людзей з інваліднасцю».

Агулам улады знішчылі каля двухсот недзяржаўных арганізацыяў, у чым не бачаць праблемы. Але, можа, дзяржава заменіць усе гэтыя НДА, якія ліквідавала?

«Не, часцей за ўсё мы абаранялі людзей ад дзяржавы. Каб дзяржава не наступала на правы чалавека», – кажа Сяргей Драздоўскі.

«Арганізацыі грамадзянскай супольнасці – гэта сувязь паміж людзьмі і дзяржавай. Яны ў тым ліку ажыццяўляюць і функцыю грамадскага кантролю, аб прыняцці рашэнняў, за палітыкай. Адпаведна, дзяржава не можа замяніць. Гэта не той інструмент, які можа замяніць грамадскія арганізацыі», – лічыць праваабаронца Вольга Смалянка.

Некаторыя НДА ўсё ж спрабуюць адстаяць сваё права на працу і дапамогу людзям. 17 студзеня ў Вярхоўным Судзе разгледзяць скаргу грамадскай арганізацыі «Звяно» на пастанову аб ліквідацыі.

Алена Дубовік, «Белсат»