Спрэчка пра скульптуры Парфенону працягваецца больш за сорак гадоў


Кепскай дыпламатыяй называюць у Грэцыі адмену сустрэчы брытанскага прэм’ера Рышы Сунака з грэцкім калегам. Кірыякас Міцатакіс быў з візітам у Вялікай Брытаніі і заявіў, што афіцыйны Лондан у апошні момант прапанаваў яму сустрэцца замест Рышы Сунака з ягоным намеснікам. Прычына гэтага, паводле грэцкага боку, – нежаданне нават размаўляць пра вяртанне грэцкіх скульптураў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта была памылка, дыпламатычная памылка Брытаніі. Трэба абмяркоўваць праблемы, нават калі ў вас супрацьлеглыя меркаванні».

«Пра скульптуры вельмі добра клапоцяцца ў Брытанскім музеі, яны размешчаныя на самым пачатку экспазіцыі, і гэта прыемна. Але я лічу, што яны павінны вярнуцца ў Грэцыю».

«Гэта правільна – вярнуць скульптуры ў Грэцыю. Гэта на сто адсоткаў правільна – і для ўсясветнай культуры, і для грэцкай культуры», – лічаць жыхары і госці Афінаў.

Спрэчка пра скульптуры працягваецца ўжо больш за сорак гадоў. Менавіта тады Грэцыя пачала патрабаваць вярнуць калекцыю мармуровых скульптураў з Парфенону – старажытнай святыні, размешчанай на Афінскім акропалі. Скульптуры і іншыя элементы дэкору на пачатку 19-га стагоддзя вывез у Брытанію тагачасны дыпламат лорд Элджын. Галоўны аргумент Грэцыі – тое, што помнік мае быць узʼяднаны, прэмʼер тлумачыць, што цяпер гэта нібыта пасечаны на кавалкі партрэт Моны Лізы.

Парфенон. Грэцыя. 1978 год.
Фота: Flickr

«Адмена гэтай сустрэчы мела і станоўчы бок, бо справядлівая просьба Грэцыі пра ўзʼяднанне скульптураў Парфенону атрымала яшчэ большы розгалас не толькі ў Абʼяднаным Каралеўстве, але і ва ўсясветным грамадскім меркаванні», – кажа Кірыякас Міцатакіс.

На стасункі паміж краінамі, на думку грэцкага прэмʼера, гэты інцыдэнт не паўплывае.

Мармур Элджына – мякка кажучы, далёка не адзіны спрэчны экспанат у Брытанскім музеі. За часы панавання Брытанскай Імперыі, што раскінулася на ўсе кантыненты планеты, у экспазіцыі сабралі скарбы з усіх канцоў свету. Ад багацця егіпецкіх фараонаў, спадчыны народаў Нігерыі да бясцэннай кітайскай керамікі і традыцыйных строяў старажытных дынастыяў Паднябеснай. У 1963-м годзе брытанскі парламент нават унёс папраўкі ў закон, якія забаранілі музею распараджацца фондамі. Між іншага – вяртаць культурныя рэліквіі, чаго патрабуюць ад Брытаніі шмат якія былыя калоніі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»