Вайна ва Украіне: ці будзе новы ўдар з Беларусі?


У Беларусь даставілі не меней за 15 зенітна-ракетных комплексаў «Тор-М2» – паведамляе тэлеграм-канал беларускіх чыгуначнікаў. Такую тэхніку выкарыстоўваюць для абароны аб’ектаў ад удару з паветра. «Тор-М2» здольны збіваць беспілотнікі, гелікоптары, дагукавыя самалёты і ракеты. Ад «HIMARS», падобна, не ўратуе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта не ракеты, а рэактыўныя снарады. Расейскім сістэмам супрацьпаветранай абароны знішчыць іх вельмі цяжка. Даць рады можа хіба што аўтаматычная ствольная артылерыя, як у ЗРГК «Панцыр-С1», але мы бачым, што і яна не досыць эфектыўная», – кажа вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка.

Комплексы «Тор-М2» могуць прыкрываць ад атак аэрадромы і палігоны, а таксама выкарыстоўвацца ў навучанні вайскоўцаў. Беларусь зрабілася важнай базай для рыхтавання мабілізаваных, бо ў самой Расеі бракуе інструктараў. Шмат з іх загінула на ўкраінскім фронце, мяркуе ўкраінскі вайсковы эксперт Мікола Саламаха.

«Расейцы карыстаюцца тым, што Беларусь не брала ўдзелу ў баях, захавала інфраструктуру для рыхтавання жаўнераў. І цягам месяца здольная рыхтаваць 10–15 тысячаў вайскоўцаў у асноўных спецыяльнасцях», – распавёў Мікола Саламаха.

Ці азначае гэта, што з тэрыторыі Беларусі рыхтуецца новае ўварванне ва Украіну? Украінская выведка і амерыканскія вайсковыя эксперты пакуль не бачаць сфармаванай ударнай групоўкі.

«Крэмль, імаверна, імкнецца выкарыстаць разгортванне расейскіх сілаў у Беларусі ў якасці інфармацыйнай аперацыі, каб […] затрымаць украінскія сілы вакол Кіева і перадухіліць іх выкарыстанне на поўдні і ўсходзе», – пішуць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны.

Але сітуацыя можа змяніцца. Тыя ж самыя комплексы «Тор-М2» прыдатныя не толькі для абароны.

«ЗРК “Тор-М2” не выкарыстоўваюць як наступальную зброю, але яго могуць ужываць падчас наступу сухаземных войскаў, а менавіта каб прыкрываць перадавыя аддзелы, што вядуць наступальныя дзеянні», – кажа Аляксандр Каваленка.

Адна з галоўных прыметаў запланаванага наступу – разгортванне шпіталяў, пунктаў сартавання параненых і пунктаў кіравання, тлумачыць Мікола Саламаха.

«Падобныя захады праводзяцца літаральна цягам 1–2 тыдняў. І калі сёння можна казаць, што наступу не прадбачыцца, то праз месяц ён цалкам магчымы», – кажа Мікола Саламаха.

У выпадку ўступлення арміі Беларусі ў вайну ўкраінскі бок можа нанесці ўдары па беларускіх вайсковых абʼектах і транспартных вузлах, мяркуе эксперт. Цяперашнія боепрыпасы да «HIMARS» ляцяць на 70 кіламетраў. Снарады, якія прапануе паставіць кампанія «Boeing», – на 150. Калі ж Украіна атрымае ракеты «ATACMS» – пад пагрозай удару ў адказ будзе не толькі поўдзень, але і нават Менск.

Валянцін Васіленка, «Белсат»