Без суда і следства. Як будзе працаваць завочнае пакаранне «палітычных»


Хацелі пазбаўляць грамадзянства. Але гэтага мала! Сілавікі задумалі перакроіць Крымінальна-працэсуальны кодэкс, каб завочна судзіць «палітычных», якія пакінулі краіну. Следчы камітэт, Вярхоўны суд і Генеральная пракуратура – ЗА такія змены ў заканадаўстве. Сваё слова на гэты конт рыхтуе Аляксандр Лукашэнка. Ініцыятыва рэжыму можа закрануць некалькі тысяч чалавек. Некаторыя з іх – на гэты конт ужо выказаліся.

Ігару Парункевічу – 26 гадоў. Сам з Паставаў, але жыве ў Вільні. Палітэмігранту на радзіме інкрымінуюць гвалт у дачыненні супрацоўніка, спансаванне тэрарызму, апаганенне дзяржсімвалаў, абразу дзяржчыноўнікаў, заклікі да радыкальных дзеянняў і гэтак далей…

«Здзейсніў у Беларусі злачынства, з’ехаў і спакойна там жыве» – пераймаюцца беларускія сілавікі.

Такіх як Ігар хочуць прыцягваць да адказнасці завочна – пачулі ад дзяржсакратара Савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча ў праграме СТВ «Неделя».

«Суд завочна прысудзіць да таго ці іншага пакарання ў залежнасці ад цяжару здзяйснення правіны. Вядома ж, чалавек будзе знаходзіцца за мяжой, вядома ж, яго не выдадуць. Але тое, што ён прысуджаны, да прыкладу, да двух-трох гадоў пазбаўлення волі або іншага тэрміну, які вырашыць суд, гэта будзе накладваць пэўны адбітак».

Пагрозы Аляксандра Вальфовіча Ігар назваў смешнымі:

«Асабіста мяне пазбавілі ўсяго і маёмасці, і бізнесу, гэта ўсё пайшло ў фонд не зразумела чаго».

У крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі закладзеная магчымасць разглядаць справы ў судзе ў адсутнасць абвінавачанага. Але няма магчымасці праводзіць і завершыць без падазраванага папярэдняе расследаванне. Цяпер сярод законных правоў і гарантыяў для падазраваных ці абвінавачаных – права ведаць пра завядзенне справы, атрымліваць дакументы па справе, неадкладна знаёміцца з працэсуальнымі рашэннямі і карыстацца дапамогаю абаронцы.

«Адным словам, каб запусціць гэтую «цудоўную» ініцыятыву сілавікоў, трэба ўсурʼёз перакроіць Крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў частцы абароны правоў падазраваных і абвінавачаных ды іхных абаронцаў, асабліва што датычыць папярэдняга следства», – пракаментаваў «Белсату» юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

То бок – без суда і следства – у дачыненні да асобаў, якіх пераследуюць фактычна за непрызнанне дзейнага палітычнага рэжыму. Масавыя беспарадкі, супраціў супрацоўніку ці гвалт у яго дачыненні, хуліганства, грубае парушэнне грамадскага парадку, удзел у экстрэмісцкім фармаванні – артыкулы крымінальнага кодэксу, паводле якіх, магчыма, стануць судзіць завочна.

Напрыклад, Ігара Парункевіча маглі б асудзіць на тэрмін да 7 гадоў няволі. Калі ў калонію не паедзе, будзе лічыцца, што ўхіліўся ад адбывання пакарання.

«Асноўная праблема ў тым, што цячэнне тэрміну даўніны прыпыняецца, калі асуджаны ўхіляецца ад адбывання пакарання. То бок, упрынцыпе – агульная такая, апошняя лічба, калі абвінаваўчы прысуд не можа быць прыведзены ў выкананне, калі з моманту ўступлення яго ў законную сілу прайшло 15 гадоў і даўнасць не была перарваная», – тлумачыць Павел Сапелка.

То бок у выпадку нязменнасці рэжыму – дадому асуджаны можа бяспечна паехаць толькі праз 15 гадоў. У ліпені генпракурор Андрэй Швед рапартаваў, што да агульнай колькасці справаў, звязаных з экстрэмізмам і тэрарызмам, інкрымінаваных апазіцыі: «Заведзена больш чым 4,2 тыс крымінальных справаў, звязаных з гэтымі антыграмадскімі праявамі».

На той момант чацвёртая частка справаў ужо прайшла праз суды. На паседжаннях не заўжды прысутнічалі абвінвачаныя. Бальшыня – здолелі пакінуць краіну і атрымалі ці атрымліваюць палітычны прытулак у замежжы. Толькі Польшча заявіла сёння, што аказала дапамогу 20 тыс рэпрэсаваных з Беларусі. Вядома, што Беларусь прасіла экстрадыцыі не на кожнага. Сярод першых у Літве прасіла выдаць Святлану Ціханоўскую, у Польшчы – кіраўніка НАЎ Паўла Латушку, які сёння зрабіў контрпрапанову сілавікам.

«Можа адразу асудзіць усе 9 мільёнаў Беларусаў? І паводле алфавіту… Дарэчы, Вальфовіч – трэцяя літара алфавіту. Тэрмін вашага судовага паседжання набліжаецца. Служба ў войску не будзе залічвацца, таварыш генерал. Можна пайсці таксама іншым шляхам. Скончыў чалавек школу – адразу ў турму», – іранізуе Павал Латушка.

Не гэтае пакаленне школьнікаў, то наступнае, дзяржава хоча выхаваць на свой лад, у духу «вялікі гонар і вялікая адказнасць». Слова «адказнасць» у гэтым выпадку мае іншае значэнне. Сілавікі рыхтуюцца да зімовага рэферэндуму. Завочныя ж прысуды асобам, якіх яны збівалі пасля папярэдняга галасавання чакайма не раней, як праз паўгода – пасля праходжання ўсіх бюракратычных працэдур.

Юлія Цяльпук, «Белсат»