Лукашэнка: «Мы хіба маглі меркаваць, што ў нас узнікне нейкі міграцыйны крызіс?»


Польская Памежная ахова паведаміла пра змяншэнне колькасці спробаў нелегальна перайсці мяжу, назваўшы гэта вынікам яе ўшчыльнення і цвёрдай пазіцыі польскіх службаў. Але напружанасць застаецца праз вялікую колькасць мігрантаў, што не спыняюць спробаў трапіць у Еўразвяз.

«Мы мяркуем, што з беларускага боку застаюцца каля 10 тысяч замежнікаў. Праўдападобна, гэтыя асобы ўжо не ў непасрэднай блізкасці да мяжы праз неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Але з таго, што мы бачым, гэтых людзей прывозяць беларускія фуры да мяжы, і ім паказваюць месцы, дзе можна гэтую мяжу перайсці», – кажа прэс-сакратар Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска.

Цягам содняў польскія памежнікі зафіксавалі 92 спробы нелегальнага пераходу з беларускага боку. Яшчэ 75 асобаў спрабавалі нелегальна трапіць з Беларусі ў Літву. Ля літоўскай мяжы, паводле беларускага Памежнага камітэту, другі дзень запар знаходзяць целы памерлых мігрантаў. Памежная ахова Літвы заяўляе, што не мае інфармацыі пра загінулых.

Аляксандр Лукашэнка падчас нарады ў Міністэрстве абароны ў напружанай сітуацыі вакол Беларусі традыцыйна абвінаваціў Еўропу:

«Мы хіба маглі меркаваць, што ў нас узнікне нейкі міграцыйны крызіс? Але ўзнік, і ён падаграваецца пастаянна. У гэтым міграцыйным крызісе паскуднікі дайшлі да забойства людзей».

Польшча тым часам заявіла пра гатовасць фінансаваць вяртанне мігрантаў з Беларусі на радзіму.

«Мы не хочам чакаць Еўразвязу. Калі будзе добрая воля з боку Аляксандра Лукашэнкі, мы адразу ўспрымем гэты пазітыўны сігнал і будзем супрацоўнічаць у фінансаванні мігрантаў, якія вяртаюцца дадому ў Ірак ды іншыя краіны. Гэта маюць быць агульныя высілкі, але мы таксама можам дзеяць вельмі хутка і самастойна», – заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Менскі аэрапорт паведаміў пра адмену сённяшняга вывазнога рэйсу з Менску ў турэцкі Эрбіль. Мігранты ж усё больш пачынаюць усведамляць, што трапілі ў пастку, а тое, што ім абяцалі, выявілася падманам.

«Усё хлусня. Усе яны вядуць нас да шляхоў, дзе мы можам памерці. І напрыканцы нам кажуць: «Мы не нясём за вас адказнасці». Хоць памрыце, хоць што. Яны проста хочуць нашых грошай», – кажа мігрант з Сірыі Анас Канаан.

«Калі ў вас атрымаецца, яны бяруць грошы. Калі ў вас не атрымаецца – вы страціце грошы і ўсё. У любым выпадку ім выгадна. А мы… ніхто не ведае, што з намі станецца», – кажа мігрант з Сірыі Муеін Аль-Гадзі.

Цяжкую сітуацыю, у якую трапілі мігранты ў Беларусі, згадаў Папа Рымскі Францішак пасля традыцыйнай нядзельнай малітвы.

«Давайце падумаем пра тое, колькі мігрантаў нават у нашыя дні зазнаюць сур’ёзную небяспеку і колькі гінуць на нашых межах. Мне цяжка ад навінаў пра сітуацыі, у якіх апынуўся шмат хто з іх: тыя, хто загінуў у Ла-Маншы; тыя, хто патануў у Міжземным моры; тыя, хто цяпер на мяжы з Беларуссю, а між іх шмат дзяцей. Вялікі боль – думаць пра іх!», – сказаў Папа Рымскі Францішак.

Напрыканцы прамовы Папа Рымскі звярнуўся да цывільных і ваенных уладаў і выказаў спадзяванне, што, цытата, «разуменне і дыялог нарэшце перамогуць любыя віды эксплуатацыі».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»