Канспіролаг, ультраправы, канадзец: што вядома пра нападніка на мужа Нэнсі Пэлоўсі?


Дэйвід ДэПэйп, які напаў на мужа амерыканскай кангрэсвумен Нэнсі Пэлоўсі, паўстане перад судом першага лістапада. Пакуль што пра асобу канадца, які збіў Пола Пэлоўсі, вядома ня шмат: яму 42 гады, мужчына быў актыўны ў сацыяльных сетках, дзе прапагандаваў канспіралагічныя тэорыі, якія датычылі амерыканскіх выбараў, ковіду і вайны ва Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

82-гадовы мультымільянер Пол Пэлоўсі праапераваны і крыяе. У мужа амерыканскай кангрэсвумен Нэнсі Пэлоўсі дыягнаставалі пералом чэрапа і сур’ёзныя траўмы рукі. Фізічны напад на Пола Пэлоўсі адбыўся ўжо ў той момант, калі паліцыя прыехала на месца здарэння.

«Нашыя афіцэры пабачылі, што спадар Пэлоўсі і падазраваны абодва трымаліся за адзін і той жа малаток. Падазроны вырваў яго ў спадара Пэлоўсі і жорстка напаў на яго. Нашыя супрацоўнікі неадкладна затрымалі падазраванага, абяззброілі, узялі пад варту і выклікалі для абодвух хуткую дапамогу», – распавёў падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік паліцыі Сан-Францыска Ўільям Скот.

Матывы нападніка пакуль не зусім ясныя. Паводле інфармацыі паліцыі, Дэйвід ДэПэйп уварваўся ў дом сужэнцаў Пэлоўсі ў Сан-Францыска і спытаў, дзе кангрэсвумен: Нэнсі Пэлоўсі тым часам была ў Вашынгтоне. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што выпадак з нападам – жахлівы. Ён адзначыў, што ў ЗША зашмат гвалту з нагоды палітыкі і звязаў цяперашні інцыдэнт з леташнім штурмам Капітолію, тады нападнікі акурат шукалі, як паквітацца з Нэнсі Пэлоўсі:

«У паведамленнях гаворыцца, што гэта было задумана як напад на дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлоўсі, трэцюю асобу ў Злучаных Штатах у чарзе на прэзідэнцкую пасаду. Паведамляецца, што гэты мужчына, які цяпер пад вартаю, выкарыстоўваў тую ж самую рыторыку, што і шостага студзеня пры нападзе на Капітолій ЗША. Ён крычаў: Дзе Нэнсі? Дзе Нэнсі? Дзе Нэнсі? Я не выдумляю».

Інцыдэнт з нападам на мужа ўплывовай кангрэсвумен, ужо названы сан-францыскай паліцыяй невыпадковым, адбыўся ўсяго за 11 дзён да прамежкавых выбараў у Палату прадстаўнікоў, дзе 82-гадовая Пэлоўсі плануе ўдзельнічаць.

«Кожны з нас мусіць выступіць супраць нянавісці, мы мусім выступіць супраць гвалту. Але тое, што мы назіраем апошнім часам, настолькі нізка, што я лічу гэта ніжэйшым за годнасць і інтэлект амерыканскага народу», – заявіла з нагоды нападу віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Гэрыс.

Рэспубліканцы адзначаюць імклівы рост злачыннасці апошнім часам у дачыненні да палітыкаў. І сапраўды, паводле дадзеных паліцыі Капітолію, за апошнія пяць гадоў колькасць пагрозаў на адрас чальцоў Кангрэсу вырасла ў некалькі разоў: толькі летась праваахоўнікі зарэгістравалі больш за 9600 выпадкаў такога кшталту. Дэмакраты, у сваю чаргу, бачаць прычыну ў палітычным супрацьстаянні.

«Хачу скарыстаць момант, каб проста памаліцца за майго сябра, спадара Пола Пэлоўсі, на якога быў учынены напад. Палітыкі, чыноўнікі, асобы, якія імкнуцца да ўлады, робяць усё, каб выклікаць рознагалоссі, узлаваць людзей. Але пры гэтым яны баяцца адно аднаго – і ўсё гэта дзеля ўласнай выгады», – сказаў падчас сустрэчы з выбарнікамі былы прэзідэнт ЗША Барак Абама.

У жніўні праз візіт спікеркі Палаты прадстаўнікоў амерыканскага Кангрэсу Нэнсі Пэлоўсі на Тайвань разгарэўся сапраўдны міжнародны скандал. Пекін у адказ на візіт Пэлоўсі на востраў падняў у паветра баявыя самалёты і разгарнуў буйнамаштабныя марскія вучэнні вакол Тайваню.

Віталь Бабін, «Белсат».