Беларускі бізнес ва Украіне губляе мільярды


Украінскія праваахоўныя органы працягваюць арыштоўваць маёмасць беларускіх кампаніяў. А з паліцаў украінскіх крамаў знікаюць беларускія тавары. Ад іх адмаўляюцца і прыватныя гандляры, і буйныя сеткі. Якія прэтэнзіі маюць украінскія праваахоўнікі да беларускага бізнесу? Чаму ўкраінцы адмаўляюцца купляць беларускае? І колькі страціла Беларусь ад скасавання экспарту ва Украіну?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ад пачатку вайны беларускі бізнес ва Украіне – у цэнтры ўвагі праваахоўных органаў. Вядома пра арышт актываў шэрагу кампаніяў. Адна з іх – «Санта Холад Украіна», што ўваходзіць у групу «Санта Брэмар». Яна займалася продажам ва Украіну беларускіх малочных і рыбных прадуктаў. Адпаведна, рэгулярна пералічвала грошы ў Беларусь.

«На думку следства, гэтыя дзеянні могуць сведчыць пра магчымае фінансаванне прадстаўнікамі гэтых кампаніяў збройнай агрэсіі Расейскае Федэрацыі супраць Украіны, бо Беларусь дае размяшчаць на сваёй тэрыторыі вайсковую тэхніку і асабовы склад краіны-агрэсара», – кажа Надзея Максімец, спікер пракуратуры гораду Кіева.

Гэта не адзіны выпадак. Сёлета ва Украіне арыштавалі маёмасць беларускай паліўнай кампаніі, нафтагазаздабыўнога прадпрыемства і дзясяткі чыгуначных вагонаў. Паўсюль шукаюць сляды магчымага спрыяння расейскай агрэсіі. Што да «Санта Холад Украіна», то падазрэнні маглі выклікаць уласнікі кампаніі. Яна належыць дачцэ Аляксандра Машэнскага – беларускага прадпрымальніка, якога часам называюць гаманцом Лукашэнкі. У «Санта Холад Украіна», аднак, адмаўляюць датычнасць да фінансавання беларускага рэжыму і ваеннай агрэсіі.

«Мы сапраўды завозілі прадукцыю з Беларусі, але ўсе падаткі з таго, што мы прадавалі, мы плацілі ва ўкраінскі бюджэт. Больш за тое, мы ніводнае капейкі дывідэндаў не пералічылі ў Рэспубліку Беларусь», – сцвярджае прадстаўнік кампаніі Трафім Баула.

Дзейнасць «Санта Холад Украіна» спыненая, работнікі ў адпачынку за ўласны кошт. Але кампанія спадзяецца аднавіць працу і знайсці пастаўнікоў з іншых краінаў. Тым часам буйныя рэтэйлеры адмаўляюцца гандляваць прадукцыяй беларускіх вытворцаў. У тым ліку і «Санта Брэмар». Вось што паведаміла «Белсату» ўкраінская сетка супермаркетаў «Сільпо»:

«Імпарт тавараў з Беларусі прыпыніўся з пачаткам ваеннай агрэсіі ва Украіне. Усе тавары з Беларусі, што захаваліся пасля пачатку вайны, мы раздавалі гасцям у супермаркетах бясплатна. Са згаданаю вамі кампаніяй (“Санта Брэмар”. – Заўв. belsat.eu) мы таксама спынілі супрацу з пачатку вайны».

Сыходзіць з украінскага рынку і некалі папулярная беларуская касметыка. Яна яшчэ нядаўна прадавалася ў крамах. Цяпер іх уласнікі адмаўляюцца завозіць беларускі тавар. «Не будзем! Бо яны з намі варагуюць! Навошта яна (“беларуская касметыка”. – Заўв. belsat.eu) нам патрэбная? Хай прадаюць дзе хочуць!» – эмацыйна кажа Наталля, прадавец-кансультант адной з кіеўскіх крамаў.

А ці гатовыя ўкраінскія пакупнікі набываць прадукцыю з надпісам «Зроблена ў Беларусі»? Вось што адказалі нам на гэтае пытанне жыхары Кіева.

«Ну, куплялі крэмы. Але цяпер нічога не купляем. Бо гэта варожая краіна».

«Калісьці куплялі памады і крэмы, а цяпер чамусьці не хочацца».

«Прынцыпова не! Бо гэта краіна-тэрарыст!»

Падобна, што калі б нават існавалі каналы паступлення беларускіх тавараў, то ўкраінцы іх бы папросту байкатавалі. Хто ж болей страціў ад спынення гандлю – украінцы ці беларусы? Летась Беларусь купіла ва Украіне тавараў на паўтара мільярда долараў. А вось прадала ўкраінцам – амаль на 5 з паловаю мільярдаў. Гэта прыблізна 13 адсоткаў ад усяго беларускага экспарту за 2021 год. Такім чынам, праз суўдзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Беларусь страціла другога паводле значнасці гандлёвага партнёра.

Марына Ступак, Валянцін Васіленка, «Белсат»