Эканоміка Беларусі згубіла 2% працаўнікоў за 7 месцаў


У ліпені ў эканоміцы Беларусі ў параўнанні з ліпенем мінулага года не далічыліся двух адсоткаў працаўнікоў. У лічбах – 86 тысяч чалавек перасталі плаціць падаткі. Гэта найбольшы за апошнія пяць з паловаю гадоў адток кадраў з айчынных арганізацыяў і прадпрыемстваў. Віною таму не толькі ўласцівы Беларусі дэмаграфічны працэс сталення насельніцтва. Куды і чаму знікаюць кадры перадусім з найбуйнейшых заводаў краіны?

Мае профільную адукацыю і 20-30-гадовы досвед інжынера або тэхнолага. Незамяняльны, але… Працоўная кніжка на рукі і да пабачэння. Гэтак звальнялі нелаяльных да рэжыму рабочых у першы год пасля выбараў, і аказваецца – звальняюць дагэтуль.

Прадпрыемствы нафтахімічнай прамысловасці гэтак і не здолелі запоўніць месцы звольненых праз палітычныя погляды вузкіх спецыялістаў. Сузаснавальнік «Рабочага руху» Юрый Рававы падкрэслівае, што выхаванне тэхнолага на «Горадня-Азот» пасля ўніверсітэту трывае прынамсі тры гады. Палітычныя погляды рабочых дагэтуль пад кантролем.

«Звальняюць у першую чаргу тых, хто нелаяльны на прадпрыемстве, а тых хто не робіць праблемаў начальству – пакідаюць і даюць нават троху больш зарабіць. Напрыклад, выйсці на працу, калі ўсе астатнія працоўныя сядзяць у прастоі», – паведаміў Рававы.

Такая практыка ў першую чаргу на «Беларуськаліі», удакладніў ён. Там, як на іншых валастваральных прадпрыемствах краіны, прастоі і выплаты толькі часткі акладу робяцца звычайнаю справай. Іншых – звальняюць.

«Каб не трымаць людзей, не плаціць ім заробкі, іх звальняюць, пакуль гэтых заказаў няма. Таму што разумеюць, што «потым ізноў набярэм, можа і тых жа людзей», якія пару месяцаў будуць перабівацца недзе на гаражах, рамантуючы машыны», – патлумачыў спадар Юрый.

Афіцыйная статыстыка паказала, што адток кадраў з флагманскіх прадпрыемстваў за 7 месяцаў склаў 58,6 тысяч чалавек. Летась у студзені-ліпені іх было на 9 тысяч менш. Гаворка пра звальненні з МАЗу, МТЗ, нафтаперапрацоўчых і хімічных прадпрыемстваў. У беларускай эканоміцы колькасць занятых зніжалася і ў апошнія гады на 0,5-1 %. Але на 2 % за сем месяцаў, як цяпер – не падала даўно – кажа акадэмічная дырэктарка даследчага цэнтру «BEROC» Кацярына Барнукова:

«Гэта сведчыць пра тое, што апроч сталення насельніцтва, якое ў нас працягваецца ўвесь час і тлумачыць сталую зніжальнасць – адбываецца нешта яшчэ. Гэта хутчэй за ўсё і крызіс эканамічны, і той факт, што людзі з’язджаюць».

Зʼязджаюць, хто не верыць у хуткі выхад з крызісу і зняцце санкцыяў з прадпрыемстваў, на якіх працавалі. Пакуль беларускія палітвязні – за кратамі, а расейскія войскі наносяць удары па Украіне з нашай тэрыторыі, санкцыі могуць толькі ўзмацніцца.

«Па «Беларуськаліі» нейкага асаблівага пазітыву не бачна, таму тут усё досыць складана. […] Не гледзячы на тое, што «мы» кажам пра расейскі рынак, як нашае выратаванне, і не гледзячы на тое, што МАЗ заўжды працаваў на расейскі рынак, мы бачым, што МАЗ губляе там свае пазіцыі», –  кажа Кацярына Барнукова.

У дрэваапрацоўцы – пасля спынення супрацы з Еўразвязам, Беларусь здолела замясціць толькі каля 20 % страчанага рынку. Але, напрыклад, на «Нафтане» сітуацыя ў апошнія месяцы палепшылася.

«Расея загрузкаю забяспечвае. Я так разумею, прычына, што Расея вядзе вайну і патрабуе шмат паліва, у тым ліку для танкавых установак і Беларусь неяк уваходзіць у гэтую схему», – заявіў прэс-сакратар стачкі «Нафтану» Ігар Валяеў.

Рабочых, якія б выказваліся супраць выпуску паліва для расейскага войска – на прадпрыемстве не засталося – кажа былы працаўнік Нафтану. А дзейны кіраўнік «Белнафтахіму» сёння адсправаздачыўся перад Лукашэнкам: «Удалося забяспечыць бесперабойную працу ўсіх нашых прадпрыемстваў. Забяспечылі ўсе плацяжы ў патрэбным абʼёме ў бюджэт», – словы Андрэя Рыбакова.

Таму апроч «сумленна заробленых» грошы бюджэтнікаў сёлета зробяцца таксама крывавымі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»