Рэжым Лукашэнкі рыхтуе «патрыётаў»


Лета пад наглядам. Сілавыя ведамствы Беларусі ў межах рэспубліканскай акцыі «Клопат» арганізоўваюць вайскова-патрыятычныя мерапрыемствы для дзяцей. Паводле дзяржаўных медыяў, робяць гэта з мэтаю прафілактыкі правапарушэнняў і дзеля бяспекі непаўналетніх.

Беларускіх школьнікаў працягваюць «знаёміць з айчыннай арміяй». На летніх канікулах ім арганізоўваюць экскурсіі ў вайсковыя часткі і падраздзяленні Узброеных сілаў краіны. Паводле вайскоўцаў, такім чынам моладзь атрымоўвае непаўторныя эмоцыі, досвед і веды.

«Уладам трэба паказаць, што ёсць каму абараніць краіну. Што ёсць дзеці і ім нібыта не страшна браць гэтую зброю, яны ганарацца тым, што яны хадзілі ў гэты лагер, але ўсё гэта карцінка», – кажа рэпетытарка, былая настаўніца Ганна Саламонава.

У спартова-патрыятычным летніку «Вектар» на базе Міністэрства абароны плануюць «аздаравіць» каля васьмідзесяці дзяцей. Падлеткі з дванаццаці да сямнаццаці гадоў спасцігаюць вайсковую навуку: вучацца маршаваць, накладаць шыны, карыстацца адгазнікам.

Дэманструюць ініцыятыву і ў раёнах. Гэтак, школьны ваенрук з Рэчыцы, а пры гэтым – папулярызатар дзейнасці ПВК Вагнэра Уладзімір Грабаў апублікаваў відэа вайсковага рыхтавання школьнікаў. На кадрах дзяцей прымушаюць пераплываць раку з аўтаматам, вучаць знішчаць «ворага» і разміноўваць лес.

«Такой агрэсіўнай формай выхавання ўлада нясе мэсідж, пасыл дзецям, што ў краіне вайна, ці яна адбудзецца, ці яна ёсць, і што трэба да яе рыхтавацца… Для трывожных дзяцей гэта будзе ўзмацняць іхную трывогу і даваць нейкія псіхасаматычныя захворванні», – мяркуе псіхолаг Ала Марціновіч.

Існуе яшчэ адзін вайскова-патрыятычны клуб «Рысь» у Менску. Сюды завіталі найміты ПВК Вагнэра і, як відаць са здымкаў праўладнай журналісткі Ксеніі Лебедзевай, навучылі падлеткаў свайму фірмаваму прывітанню «Джамба».

«Падлеткі – гэта вельмі такая ўспрымальная катэгорыя людзей, іх лёгка рабіць манкуртамі, імі лёгка маніпуляваць… Калі гэта не будзе спынена, павысіцца ўзровень крымінальнага злачынства сярод падлеткаў», – прагназуе псіхолаг Ала Марціновіч.

Раней стала вядома, што рэжым Лукашэнкі не пускае непаўналетніх з малазабяспечаных сем’яў на аздараўленне ў Італію, бо нібыта не мае гарантыяў, што тыя вернуцца. Замест гэтага малым беларусам прапаноўваюць адпачынак у расейскім «Артэку», што месціцца ў акупаваным Крыме.

Наста Печанькова, «Белсат»