Палітвязні з турмаў перадаюць падзяку за марафон салідарнасці


Марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно». Ад дзясятай раніцы больш за два дзясяткі незалежных беларускіх медыяў вядуць адмысловую трансляцыю, каб дапамагчы палітвязням. У тэлеэфіры і на YouTube кожны мог паслухаць былых зняволеных, палітыкаў, грамадскіх і культурных дзеячаў. Але самае галоўнае – ахвяраваць грошы для сем’яў пацярпелых.

Унесці грошы можна з замежных картак, перайшоўшы праз QR-код на экране. Арганізатары паставілі мэту сабраць прынамсі дзвесце тысяч еўраў. У другую гадзіну марафону Святлана Ціханоўская падняла планку да паўмільёна, бо столькі беларусаў, на ейную думку, выехалі за мяжу:

«Еўра можа заданаціць кожны. Я спадзяюся, што людзі яшчэ не ўсталі, субота, але ў мяне вось такая планка».

Былыя палітвязні былі не толькі сярод гасцей. Гэтак, эфір радыё «Свабода» правёў Алег Груздзіловіч. У яго ў гасцях быў Андрэй Шарэнда, які распавёў пра апошні ліст ад Паліны Шарэнды-Панасюк, што дайшоў да сямʼі ў канцы сакавіка: «Фактычна ў гэтым лісце Паліна, усведамляючы становішча, развітвалася з дзецьмі».

А праваабаронца з «Вясны» каментавала смерць палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна. Напярэдадні стала вядома, што яго пераследавалі ў тым ліку за перформанс «Гной для прэзідэнта», паўтораны мастаком у Кіеве.

«Я веру ў тое, што ўсе справы будуць расследаваныя, а ўсе злачынцы будуць прыцягнутыя да адказнасці. У гэтым нам дапамагае ўніверсальная юрысдыкцыя: калі суды Беларусі не хочуць судзіць, нам дапаможа міжнародны суд», – сказала Наталля Сацункевіч.

Нашая каляжанка Дарʼя Чульцова згадвала побыт у зняволенні: «Там імкнуцца знішчыць годнасць чалавека ўсімі даступнымі спосабамі, прыніжэннямі, нейкімі здзекамі. Ствараюцца невыносныя як маральныя, так і фізічныя ўмовы».

Тое, што на волі здаецца дробяззю, для палітвязняў – раскоша. Элементарныя гігіенічныя сродкі ці нават пахкае мыла можна купіць нават на малыя ахвяраванні, зазначала стваральніца праекту «Палітвязынкі» Яўгенія Доўгая:

«Ёсць такая вельмі кранальная гісторыя, вельмі цяжкая гісторыя. Пенсіянерка, якая трапіла на хімію, з яе вельмі здзекаваліся, мы ёй куплялі куртку. Таму што ў яе была толькі адзіная куртка, якую парвалі, калі яна была затрыманая».

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік НАУ Павел Латушка прынёс у студыю рэчы, выстаўленыя на дабрачынны аўкцыён у межах марафону. Сярод – іх выданне «Дзікага палявання караля Стаха» і мяч, падпісаны гульцамі кіеўскага «Дынама» і зборнай Украіны: «Разам з Аляксандрам Хацкевічам падаравалі мне гэты мяч. У сакавіку 2023-га, калі ўжо пачалася вайна. З удзячнасцю і павагай да беларусаў. Жыве Беларусь!»

Заахвочваў да салідарнасці з палітвязнямі і амбасадар Польшчы Артур Міхальскі:

«Яны любяць Беларусь – свабодную, дэмакратычную, незалежную. Ты таксама яе любіш! Памятай пра іхных дзяцей, жонак і мужоў, падумай пра іхных бацькоў!»

У эфіры гучалі неардынарныя прапановы. У інтэрвʼю YouTube-каналу «NEXTA» Вадзім Пракопʼеў прапанаваў для перамоваў у справе палітвязняў былога дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа:

«Першае, зрабіць абʼяднаны дэмакратычны цэнтр, пачаць прынамсі з дэкларацыі. Другое – падняць стаўкі, бо толькі так можна дабіцца поспеху з крымінальнымі асобамі. Трэцяе, паслаць высокага перамоўніка».

Марафон працягнецца да 22:00 – ахвочыя яшчэ могуць ахвяраваць семʼям палітвязняў аж да канца наступнага дня. Так беларусы дэманструюць сілу грамадства, каб людзі, якіх пераследуе рэжым, не пачуваліся пакінутымі на самоце. Нашая рэдакцыя мае інфармацыю: палітычныя вязні ў турмах ведаюць пра вялікі марафон. І дзякуюць кожнаму ахвярадаўцу.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»