Група Вагнэра вырушыла да сувальскага калідору


Больш за сто наймітаў групы Вагнэра вырушылі да сувальскага калідору пад Горадняй. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

«Гэта дакладна крок да далейшага гібрыднага нападу на польскую тэрыторыю. Магчыма, яны будуць маскавацца пад беларускіх памежнікаў і дапамагаць нелегальным імігрантам пранікаць у Польшчу, дэстабілізаваць сітуацыю ў Польшчы, але, як мяркуецца, яны таксама будуць спрабаваць трапіць у Польшчу, выдаючы сябе за нелегальных імігрантаў, а гэта стварае дадатковыя рызыкі», – казаў Матэўш Маравецкі.

Сувальскі калідор – гэта гіпатэтычны сухапутны шлях на мяжы Польшчы і Літвы даўжынёй каля 100 кіламетраў, які тэарэтычна мог бы спалучыць тэрыторыю Беларусі і Калінінградскую вобласць Расеі. У NATO яго лічаць найбольш уразлівым участкам на ўсходнім флангу Альянсу. Аднак 100 вагнэраўцаў захапіць яго не змогуць.

«У дадзеным выпадку, канешне, справа не ў колькасці. Гэта не танкавыя калоны. А некалькі дзясяткаў чалавек цалкам могуць зрабіць, ну скажам, тэрарыстычную аперацыю. Цалкам могуць сапраўды нейкім чынам паўплываць на паводзіны мігрантаў. І ў гэтым сэнсе я разумею заклапочанасць польскага боку», – мяркуе палітычны аналітык Віталь Цыганкоў.

Разам з тым тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» адзначае, што ў гарадзенскім раёне побач з Літвой і Польшчай месціцца палігон Гожскі. Таму нельга выключаць, што найміты паехалі менавіта туды для правядзення вучэнняў з беларускімі вайскоўцамі.

Таксама ўвечары 28 ліпеня расейскія войскі атакавалі Дняпро. Паводле Генштабу ЗСУ, расейцы абстралялі абласны цэнтр дзвюма балістычнымі ракетамі «Іскандэр». Адна з іх пацэліла ў шматпавярховы жылы дом, а другая – у будынак рэгіянальнага ўпраўлення СБУ.

«Што да ахвяраў, скажу так, што загінулых няма. Нас гэты лёс абмінуў, дзякуй Богу. Ёсць тры чалавекі, якія самастойна звярнуліся ў лякарню», – заявіў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак.

Ад ударнай хвалі пацярпелі і малыя прыватныя дамы, якія стаяць недалёка ад месцаў прылётаў.

Увечары таго ж дня Украіна зліквідавала склад боепрыпасаў расейцаў у акупаваным Крыме. Недалёка ад Севастопалю ў Казацкай Бухце мясцовыя жыхары чулі магутныя выбухі. Пра гэта паведаміла Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны.

«Гэта фармаванне поля бою называецца. Ужо трэці тыдзень штодня ідзе знішчэнне ваенных абʼектаў у Крыме. Гэта прыкметы фармавання наступнага поля бою. Недзе гэта ўсё адбываецца за паўтара-два месяцы да заходу туды асноўных сілаў», – кажа палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

У сваю чаргу, кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Кірыла Буданаў заявіў, што ЗСУ хутка зойдуць на паўвостраў. Палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан патлумачыў, што гэтая заява Буданава звязаная з тым, што высахла дно Кахоўскага вадасховішча:

«Таму зараз адкрываецца магчымасць фарсіравання Дняпра на ўсім працягу ад Запарожжа. Ад Васільеўкі і да Чорнага мора. Гэта значыць некалькі сотняў кіламетраў Дняпра, які можна фарсіраваць ужо ў залежнасці ад задумы галоўнакамандуючага».

Актыўна сілы абароны Украіны прасоўваюцца і на Данецкім фронце. Амерыканскі інстытут вывучэння вайны ў сваёй апошняй справаздачы паведаміў, што ЗСУ пераадолелі яшчэ дванаццаць кіламетраў каля Бахмуту. Зону сутыкнення ў гэтых мясцінах наведаў і Уладзімір Зяленскі. Там прэзідэнт Украіны павіншаваў байцоў сілаў спецыяльных аперацыяў, якія сёння адзначаюць сваё прафесійнае свята.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»