Працэс аб «выкраданні» Лукашэнкі зрабілі адкрытым


У Менску пачаўся чарговы гучны судовы працэс – аб дзяржаўным перавароце і выкраданні Лукашэнкі. На лаве падсудных пяць чалавек. Адзін з іх – палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута. Пасля агалошвання абвінавачання ён часткова прызнаў віну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Працэс у справе аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады і выкраданні Лукашэнкі меўся быць закрыты. Аднак на хадайніцтва Аляксандра Фядуты – аднаго з абвінавачаных – суддзя Уладзімір Арэшка зрабіў паседжанне публічным.

«Гэта не першы працэс, які ўлады зрабілі адкрытым з ліку тых, якія грамадска значныя і выклікаюць усеагульную цікавасць, і якія палітычна матываваныя. Дастаткова ўзгадаць працэс групы Мікалая Аўтуховіча, там таксама ўлады зрабілі гэты працэс адкрытым», – адзначыў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

На лаве падсудных пяцёра – літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, юрыст Юрый Зянковіч, ягоная памочніца Вольга Галубовіч і актывіст Дзяніс Краўчук.

«Калі дзяржаўныя медыі шукаюць сабе ворагаў, шукаюць, каго прадэманстраваць тэрарыстам, захопнікамі ўлады, як раней так дэманстравалі Аўтуховіча, з якога лепяць нейкага тэрарыста, цяперака тык выглядае, будуць дэманстраваць Кастусёва, Фядуту, Зянковіча, з якіх будуць ляпіць нейкіх змоўнікаў», – кажа палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

За кратамі Фядута моцна схуднеў і страціў пярэдні зуб. Горш за ўсіх пачуваецца Кастусёў. У 65-гадовага палітыка пацверджаны рак.

«Відаць, што сапраўды хвароба, сапраўды стрэс. Відаць, што чалавек не бывае на свежым паветры. Жонка кепска ўспрыняла, як пабачыла гэтыя здымкі, плача ўвесь час», – дзеліцца ўражаннямі зяць Рыгора Кастусёва Зміцер Антончык.

Аляксандра Фядуту, Рыгора Кастусёва і Юрыя Зянковіча абвінавачваюць у змове дзеля захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука – у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Усіх пяцярых затрымалі летась у красавіку. Фядуту і Зянковіча – у Маскве, дзе яны сустракаліся з беларускімі вайскоўцамі. Кастусёва і Галубовіч – у той жа дзень у Беларусі. Дзяніса Краўчука – праз два тыдні. КДБ і ФСБ адразу заявілі, што нібыта перадухілілі замах на Аляксандра Лукашэнку і ягоных сыноў, і нават раскрылі рыхтаваны «дзяржаўны пераварот».

Сам Лукашэнка заявіў, што для яго і сыноў нават выкапалі адмысловыя сутарэнні на Гомельшчыне. Дзе і ў якіх сутарэннях планавалі схаваць дыктатара з сынамі, натуральна, не паказалі. Бо справа была цалкам сфабрыкаваная спецслужбамі, перакананы палітычны аналітык Вадзім Мажэйка: «Беларуская ўлада ад пачатку зрабіла гэты працэс правакацыяй, выглядае, што ўся гэтая гульня з іх беларускімі нібыта генераламі, сустрэчы ў Маскве – гэта ўсё правакацыя вельмі старых лякалаў. З часоў яшчэ царскай ахранкі. Ад пачатку гэта ўсё было ўладамі інспіравана, і ад пачатку ўлада чакала, хто на гэта купіцца».

Да абеду суддзя зачытаў абвінавачанне Юрыю Зянковічу. Пасля перапынку – Аляксандру Фядуту. Сваю віну ён прызнаў часткова, але не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачанні матывамі. Суд працягнецца ў панядзелак 1-га жніўня.

Антон Каменскі, «Белсат»