«Курс на пераарыентацыю». Што ўлады і аналітыкі думаюць пра знешні гандль Беларусі


Добраахвотна сыходзіць з рынку Еўразвязу Беларусь намеру не мае, аднак у выпадку санкцыйнага ціску можа пераарыентаваць сваю гандлёвую плынь.

Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. Пры гэтым афіцыйны Менск абяцае пастаўляць у краіны гэтак званай дальняй дугі нават сельскагаспадарчыя вырабы ды харчы.

«У нас таксама прадпрыемствы сертыфікуюцца на Кітай, і ў выпадку санкцыяў, якія запусцяцца ў справу, мы пераарыентуемся на падобныя рынкі», – кажа Іван Крупко, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

Павялічыць долю экспарту плануюць у Расею. Шукаюць новыя рынкі ў Індыі ды Афрыцы. Што ж да Кітаю, пераарыентаваць туды можна каля шасцідзесяці адсоткаў беларускай прадукцыі, якую цяпер пастаўляюць у Еўропу – усё гэта ў планах уладаў. Эканаміст Яраслаў Раманчук аптымізму чыноўнікаў, аднак, не падзяляе.

«З чым мы туды пойдзем? З дрэваапрацоўкай? Мы там нешта пастаўляем. Спажывецкія тавары? Мы туды не дойдзем, таму што Беларусь не з’яўляецца сябрам Сусветнай арганізацыі гандлю, і для нас шмат барʼераў. Там, дзе нас не ведаюць, нас і не чакаюць», – мяркуе кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізеса Яраслаў Раманчук.

Канкураваць на кітайскім рынку беларускімі таварамі складана, адзначае Яраслаў Раманчук. На гэта ўплываюць харчовыя звычкі кітайцаў, лагістыка, памер падаткаў, а таксама – адсутнасць попыту.

«Добра, каб мы там нейкую долю пашырылі. Але згодна з тым, як выглядае гандлёвы баланс, мы ў глыбокім мінусе ў гандлі з Кітаем. Акрамя таго, што ён купляе нашыя ўгнаенні, больш яго нічога не цікавіць», – кажа кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізеса Яраслаў Раманчук.

Разлічваць на ўсходніх суседзяў таксама надта моцна не выпадае. Паводле Міністэрства эканомікі, доля беларускага экспарту ў Расею ў першым паўгоддзі – каля шасці адсоткаў. Гэта фактычна траціна ўсяго экспарту ў еўрапейскія краіны. Што праўда, за апошнія 20 гадоў паказнік знізіўся амаль на тры адсоткавыя пункты.

Расея ўкладала ў развіццё сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі. На сёння Беларусь практычна выкарыстала рэсурсы расейскага рынку, адзначыў у каментары выданню «Салідарнасць» эканаміст Леў Львоўскі.

«Расея – самы дружалюбны ў эканамічным плане для Беларусі рынак, туды лёгка пастаўляць тавары: не трэба перакладаць этыкеткі, мы знаходзімся ў адной эканамічнай зоне ЕАЭС. Акрамя таго ў нас з РФ ёсць адмысловыя дамовы. Наўрад ці засталіся вялікія нішы ў Расеі для нас, якія не былі да гэтага ўжо апрабаваныя ці не былі б занятыя», – мяркуе эканаміст Леў Львоўскі.

Яшчэ на пачатку года палітыкаю замежнага гандлю Беларусі была абраная дыверсіфікацыя. Цяпер жа і план А, і план Б, і ўсе астатнія планы рэжыму Лукашэнкі прадугледжваюць усё большую залежнасць ад Расеі.

Юлія Лабанава, Белсат