«Асцярожна, дзверы зачыняюцца...». 40 гадоў Менскаму метрапалітэну


29 чэрвеня 1984 года. Станцыя метро «Плошча Леніна». У першы рэйс адпраўляецца цягнік Менскага метрапалітэну разам з пасажырамі. 8 станцыяў працягласцю восем кіламетраў. Ад «Інстытуту Культуры» да «Маскоўскай» – 11 з паловаю хвілінаў, замест 35-ці на тралейбусе. Так выглядала сталічнае метро роўна 40 гадоў таму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы вялікай кампаніяй пайшлі катацца ў толькі што адкрыты метрапалітэн. І гэта было для нас дзівам. Няхай гэта было хоць і запозна, але ўратавала транспартную сітуацыю ў горадзе», – узгадаў чалец рух салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Рост прамысловасці ў сталіцы БССР патрабаваў прытоку працоўнай сілы. Колькасць менчукоў імкліва расла, і ў 1972 годзе нарадзіўся мільённы жыхар гораду. Транспартная сістэма не спраўлялася з пасажырапатокам.

«Кажуць, што гэта зрабілі штучна, людзей запрашалі адмыслова. Давалі квоты на паступленне ў менскія ВНУ і вось так падводзілі лічбу пад мільён», – распавёў гісторык Юрый Куўшынаў.

У 1977-м Савет Міністраў СССР нарэшце прыняў рашэнне аб будове падземкі. Працэс заняў 7 гадоў. Менск атрымаў свой метрапалітэн не першы сярод сталіцаў СССР. Да прыкладу, раней падземка з‘явілася ў Маскве, Кіеве, Тбілісі, Ташкенце, Баку і Ерэване. А вось для камуністычнай Польшчы падземны транспарт не быў у прыярытэце. Метро ў Варшаве адкрылі толькі ў 1995 годзе.

За першы год працы сталічны метрапалітэн перавёз 80 мільёнаў чалавек.

«Пасля таго, як метро ў Менску пабудавалі, стала прасцей прыязджаць практычна ў любую кропку», – распавёў Вячаслаў Сіўчык.

Са з‘яўленнем падземкі паўсталі і новыя гарадскія легенды. Хадзілі чуткі, што побач з першай лініяй нібыта існуе яшчэ адна – сакрэтная.

«Яна звязвае Палац Рэспублікі, КДБ і Дом Ураду. І там ёсць адмысловы тунэль, каб самыя найважнейшыя дзяржаўныя аб‘екты можна было звязаць. Але гэтыя адводы – проста перагоны паміж лініямі, у іх нічога такога няма», – лічыць гісторык Юрый Куўшынаў.

З цягам часу мапа метро пашыралася. На сёння падземка мае 33 станцыі на трох лініях агульнай працягласцю больш за 40 кіламетраў. Да канца года плануюць адкрыць яшчэ тры станцыі Зялёналужскай лініі. Аднак зменаў патрабуе і ўжо існая інфраструктура.

«Трэба паляпшаць і наземны транспарт, які мае працаваць у звязцы з метрапалітэнам. Трэба паляпшаць навігацыю, ісці да безбар’ернасці», – лічыць блогер-урбаніст Данііл Аленіус.

Цяпер абмяркоўваюць ужо будаўніцтва чацвёртай лініі метро. Паводле Менскага метрапалітэну, яна будзе кальцавая ды злучыць усе тры існыя лініі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»