Кансультацыйная група Беларусь – Еўразвяз пачала дзеяць


Сёння, 29 чэрвеня, з’явілася кансультацыйная група Беларусь – Еўразвяз. 15 прадстаўнікоў нашай краіны і столькі ж – Еўразвязу правялі першае паседжанне ў Бруселі. У ім узялі ўдзел вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль, прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінету, журналісты, эколагі ды іншыя. Абмеркавалі дапамогу палітвязням, супольную стратэгію адзінай Еўропы і Беларусі для вызвалення нашай краіны, падтрыманне беларускіх медыяў.

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ўдакладніў, што з Жузэпам Бурэлем размаўлялі таксама пра рэакцыю на падзеі вакол кіраўніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына, пра ядравую зброю, дапамогу Беларусі, санкцыі.

Гэтая група ёсць, па сутнасці, фармалізацыяй адносінаў беларускіх дэмакратычных сілаў з Еўразвязам. Супраца з Еўракамісіяй, Еўрапейскім парламентам і іншымі еўрапейскімі інстытутамі цяпер набудзе статус афіцыйнай і доўгатэрміновай.

«Гэтая група будзе працаваць і праз тры месяцы, і праз шэсць, і нават пасля падзення Лукашэнкі, – запэўніў Франак Вячорка. – Проста тады яна, мажліва, пяройдзе на іншы ўзровень. Тады мы будзем абмяркоўваць іншыя тэмы: эканамічную супрацу, гандаль, інвестыцыі. Зараз мы абмяркоўваем тэму вызвалення Беларусі. Важна, што мы гэта робім на роўных з Еўрапейскім Звязам, які зʼяўляецца нашым стратэгічным партнёрам».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі канстатаваў: еўрапейскія палітыкі разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Сітуацыя пагаршаецца. Трывогу выклікаюць не толькі масавыя парушэнні правоў чалавека, а таксама і ваенна-палітычны аспект. Беларусь становіцца месцам для пашырэння ваеннай прысутнасці, завядзення ядравай зброі.

Гаворка ішла і пра неабходнасць сінхранізаваць абмежаванні для рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Паводле намесніка кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі, санкцыйны пакет Еўрапейскай Рады мае быць разблакаваны найбліжэйшым часам, як і персанальныя абмежаванні. Але Партугалія лабіюе інтарэсы «Беларуськалію» і дагэтуль фактычна блакуе чарговы пакет эканамічных санкцыяў. Зрэшты, Павел Латушка агучыў, на ягоны погляд, пераканаўчыя аргументы:

«Пра тое, што цэны на харчаванне не растуць, і тое, што цэны на калій таксама знізіліся да ўзроўню яшчэ перад пачаткам другой фазы вайны супраць Украіны. Ядравая зброя ў Беларусі, Лукашэнка займаецца незаконным перамяшчэннем дзяцей. І менавіта «Беларуськалій», Іван Галаваты – генеральны дырэктар, абвінавачваецца ў гэтым».

Падчас сустрэчы з вярхоўным прадстаўніком ЕЗ Жузэпам Бурэлем Святлана Ціханоўская прапанавала прызначыць адмысловага прадстаўніка Еўразвязу ў справе Беларусі, каб беларускае пытанне заставалася на парадку дня і пад увагай Абʼяднанай Еўропы.

Марына Яновіч, «Белсат»