Тэхнічны дэфолт па беларускіх аблігацыях ператвараецца ў рэальнасць


Дэфолт, які прагназавалі і якім палохалі – зрабіўся рэчаіснасцю. Рэйтынгавае агенцтва Fitch будзе разглядаць спробу загасіць вонкавую запазычанасць у беларускіх рублях як дэфолт, вынікае з справаздачы агенцтва. Гэтак фінансавы свет рэагуе на заяву Мінфіну і Нацбанку Беларусі пра тое, што выплаты па аблігацыях будуць праводзіцца не ў валюце, а ў беларускіх рублях. Вартасць айчынных аблігацыяў цягам содняў абвалілася да 5 %.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Хто раней губляў грошы, трыманыя на дэпазіце, і інвеставаў у, на першы позірк, выгадныя беларускія аблігацыі – пралічыўся. Адсоткавы даход у доларах, пералічаны Беларуссю ў лютым «Citybank UK» за аблігацыі, прыйшоў не да ўсіх трымальнікаў.

«Дэпазітарныя сістэмы імкнуцца не даводзіць плацяжоў да тых, хто, скажам, з іх пункту гледжання нейкі санкцыйны ці не падабаецца ім. Па сутнасці, гэта тыя, хто абслугоўваўся ў расейскіх дэпазітарыях, гэта беларускія банкі», – канстатаваў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.

Сёння Беларусь зноў зрабіла плацеж па аблігацыях у доларах. Паводле ацэнак Мінфіну, у найлепшым выпадку 40 адсоткаў сумы не трапіць да інвестараў. У найгоршым, праз уведзеныя з-за вайны фінансавыя санкцыі, заблакаваным у банку-пасярэдніку апынецца ўвесь перавод.

«Фактычна, калі б “Сіцібанк” нават хацеў вярнуць гэтыя грошы, ён сёння не зможа вярнуць іх Нацыянальнаму банку. І таму нашае Міністэрства фінансаў пачало думаць, якія іншыя інструменты можна прапанаваць інвестарам, як усё ж такі выплаціць гэтыя грошы», – кажа акадэмічная дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова.

Каціроўкі пяці беларускіх аблігацыяў цягам дня рэкордна абваліліся.

«У чэрвені 2020 года быў апошні выпуск еўрааблігацыяў на $ 1,25 млрд. Інвестар, які ўклаў грошы ў гэтыя паперы, сёння можа (калі паспее прадаць) атрымаць 5-15 % вартасці гэтых актываў. То бок па сутнасці гэты дэфолт ужо ацэнены ў вартасці аблігацыяў», – распавядае прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.

Інвестары замежнікі разумеюць, што гэтыя грошы ўжо наўрад ці атрымаецца дастаць – кажа эканаміст.

Хоць доларавая частка золатавалютных рэзерваў краіны зменшылася да $ 2,85 млрд, гэтага дастаткова на абслугоўванне даўгоў краіны. Але калі няма тэхнічнай магчымасці ажыццявіць плацеж у патрэбнай валюце – рэйтынгавыя агенцтвы, як Standard & Poor’s, Moodyʼs і Fitch могуць абвесціць тэхнічны дэфолт. Апошняе ўжо выказала сумнеў, што Беларусь у 2023-ім годзе пагасіць доўг па еўрабондах. Кіраўнік Мінфіну мае ідэю:

«Мы ў бліжэйшы час прапануем альтэрнатыўныя схемы разлікаў. Так, прапануем зрабіць абмен, гэта значыць новы выпуск аблігацый наўзамен старога, што таксама цалкам практыкуецца. Каціравацца ён будзе ў доларах, але ўжо будзем плаціць, дапусцім, у беларускіх рублях».

Тэхнічны дэфолт па дзяржаўных аблігацыях хутчэй за ўсё трапіць у нашую крэдытную гісторыю – лічыць Алесь Аляхновіч і распавядае пра наступствы:

«Новых пазыкаў не будзе. Па старых пазыках, калі ўжо фактычна будзе абʼяўлены дэфолт і Беларусь не будзе плаціць па сваіх даўгах, то інвестары маюць права падаваць у суд на Беларусь і (27-34) спагнаць з Беларусі гэтыя грошы іншым чынам. Напрыклад праз арышт беларускай маёмасці за мяжой».

Пазычаць не будуць таксама прыватным і дзяржаўным прадпрыемствам краіны-банкрута. Адметна, што нават пры змене ўлады такая крэдытная гісторыя будзе шкодзіць нашай краіне – сышліся ў меркаваннях эксперты Белсату.

Юлія Цяльпук, «Белсат»