«Супрацоўнічаем з беларусамі, а не ўладамі»


Еўразвяз ня будзе ізаляваць беларускі народ. Так лідары ЕЗ адрэагавалі на пастанову Менску прыпыніць свой удзел у праекце «Усходняе партнёрства».

«Нягледзячы на рашэнне рэжыму Лукашэнкі прыпыніць удзел Беларусі ва «Усходнім партнёрстве», мы гатовыя працягваць працаваць з беларускім народам для ўмацавання сувязяў, развіцця рэгіянальнае супрацы і развязання агульных праблемаў», – заявіў Жузэп Бурэль, кіраўнік вонкавапалітычнай службы ЕЗ.

«Народу Беларусі: вы можаце разлічваць на ЕЗ. Мы салідарныя і падтрымліваем вас. Мы падтрымліваем вашае права абраць свайго прэзідэнта шляхам новых, свабодных і справядлівых выбараў. Рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі: думайце перш за ўсё пра будучыню Беларусі», – напісаў у сацыяльных сетках старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Менск таксама прыпыніў удзел у дамове аб рэадмісіі. Згодна з ёю, Беларусь абавязвалася прыняць назад мігрантаў, якія незаконна трапілі ў ЕЗ з беларускай тэрыторыі. Гэта было ўмоваю для заключэння пагаднення пра спрашчэнне візавага рэжыму, які знізіў кошт шэнгенскай візы да 35-ці еўраў. Ці падскочыць цяпер кошт візаў да 80-ці еўраў?

«Еўракамісія можа выступіць з такой ініцыятывай, але гэта вельмі малаверагодна. Вядома, у якой сітуацыі знаходзіцца беларускі народ. Страхі аб росце коштаў на візы перабольшаныя. Гэтага не будзе, калі толькі самыя беларускія ўлады не разарвуць пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ», – кажа аналітык «ISANS» Андрэй Елісееў.

Супраца з ЕЗ – гэта ня толькі «Усходняе партнёрства». Еўразвяз кансультуе Менск у пытаннях уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, дапамагае палепшыць якасць паветра ў гарадах і ўмацоўваць бяспеку АЭС. Еўрапейскі Звяз вылучае Беларусі каля 30-ці мільёнаў еўраў за год. Дзякуючы ім студэнты ездзяць вучыцца па абмене, дробныя прадпрымальнікі атрымліваюць крэдыты на развіццё бізнесу і ўкараненне зялёных тэхналогіяў. Цяпер, паводле Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, грошы змогуць атрымаць толькі не звязаныя з дзяржаваю фірмы.

«Ёсць магчымасці для беларускіх студэнтаў напрамую падавацца на навучальныя праграмы ў краіны Еўразвязу без дазволу дзяржаўных універсітэтаў. Падобна на тое, застануцца толькі тыя праграмы супрацоўніцтва, якія выключаюць удзел дзяржаўных уладаў цэнтральнага або рэгіянальнага ўзроўню, а таксама дзяржаўных універсітэтаў. Усе астатнія праграмы альбо ўжо прыпыненыя, альбо будуць прыпыненыя ў бліжэйшыя месяцы», – тлумачыць Андрэй Елісееў.

Рашэнне Лукашэнкі ня мае юрыдычнай сілы і супярэчыць волі беларусаў – заявіла Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Прагу. Яна паабяцала зрабіць усё, каб ва «Усходнім партнёрстве» Беларусь рэпрэзентавалі тыя, «хто сапраўды мае права гаварыць ад імя народу». Улады Чэхіі – па прыкладзе Літвы – паабяцалі адкрыць у Празе прадстаўніцтва беларускай апазіцыі.

«Рашэнне пэўных пытанняў знаходзіцца ў руках беларускай дзяржавы, а не ў руках грамадзянскай супольнасці. Таму цяжка некаторыя пытанні вырашаць без удзелу ўладаў. Прыклад – крызіс з мігрантамі, часткова справакаваны Беларуссю», – кажа палітолаг Андрэй Ягораў.

Прыпыненне ўдзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» не прызнала і Літва. «Нелегітымныя лідары не прымаюць такіх рашэнняў», – заявіў міністр замежных справаў Габрыелюс Ландсбергіс.

Аляксандр Папко, «Белсат»