Прыватныя летнікі ў Беларусі чакае жорсткі кантроль


Прыватныя летнікі ў Беларусі сёлета чакае больш жорсткі маніторынг. Чыноўнікі заявілі, што іхная галоўная мэта – выявіць месцы незаконнага перабывання дзяцей.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Часцяком там небяспечна і няма належнага ўзроўню надання паслугаў па харчаванню і пражыванню», – заявіў дырэктар Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння Генадзь Балбатоўскі.

Аднак за такімі гучнымі намерамі чыноўнікаў могуць хавацца зусім іншыя заданні.

«Для мяне гэта выглядае больш як ціск на прыватны сектар. Таму што гэтыя аргументы, асабліва пра харчаванне, гучаць дзіўна. З іншага боку, мы не можам казаць пра ўсе летнікі – ні дзяржаўныя, ні прыватныя – таму што трэба кожны разглядаць асабіста», – мяркуе заснавальніца міжнароднага беларускамоўнага летніку на Чорным моры «Злёткі» Аксана Акуневіч.

Сам Генадзь Балбатоўскі не хавае, што адмоўна ставіцца да летнікаў, якія паўсталі з прыватнай ініцыятывы. Маўляў, летась амаль 90 адсоткаў з усіх парушэнняў арганізацыі дзіцячага адпачынку былі выяўленыя менавіта ў гэткіх арганізацыях.

«Мы не супраць альтэрнатывы, але патрабуецца ўзгадненне: хто мае права на надаванне дадзеных паслугаў, з мясцовымі выканаўчымі ўладамі. Таму мы не збіраемся нікому забараняць нічога, але ўсё мусіць быць узаконена», – дадаў Генадзь Балбатоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Па факце ж некаторым менскім ІП і юрыдычным асобам ужо забаранілі арганізоўваць летнікі. Прынамсі такую пастанову агучылі на адмысловай нарадзе ў Савецкім раёне сталіцы ў сярэдзіне траўня, паведаміў тэлеграм-канал «Мотолько Помоги». Былы дырэктар прыватнай школы Аляксандр Пруднікаў мяркуе, што тэндэнцыя неўзабаве можа распаўсюдзіцца і на рэгіёны:

«Але ў рэгіёнах, абласных цэнтрах ці яшчэ больш дробных адзінках прыватная ініцыятыва заўсёды была такім адказам грамадства ці лакальнай супольнасці на запыт. То бок вельмі часта школы дзяржаўныя ці нейкія яшчэ інстытуцыі не маглі самі сабе даць рады з арганізацыяй летнікаў ці чаго яшчэ».

У 2022 годзе з падачы Лукашэнкі пасля шэрагу правяранняў спынілі працу амаль усе прыватныя школы ў Беларусі. Летась у красавіку чыноўнікі ў Менску адрапартавалі, што ў горадзе не засталося ніводнага недзяржаўнага дзіцячага садка. На чарзе – летнікі?

«Я думаю, што гэта будзе так. Я ведаю, як адбываліся праверкі ў дзічых садках, калі прыходзіла камісія і казала: “Вау, якія ў вас умовы! Але ж вы самі ўсё разумееце”. І ўсё роўна ў выніку прыватныя садкі, як і школы, закрыліся», – патлумачыла Аксана Акуневіч.

Прыватныя летнікі досыць папулярныя ў Беларусі. Гэтак, большасць нашых гледачоў, паводле вынікаў апытання, аддаюць перавагу менавіта такім арганізацыям. Але ж былі і тыя, хто найлепшым варыянтам для летніх вакацыяў назваў адпачынак у вёсцы.

Ірына Юр’ева, «Белсат»