Мінск і Будапэшт аб'ядналіся супраць рашэнняў Еўразвязу?


Праз месяц Вугоршчына прыме ад Бельгіі эстафету на старшынёўства ў Еўразвязе. Беларускі рэжым хоча выкарыстаць усе звязаныя ў гэтым магчымасці. Сёння кіраўнік МЗС прымае ў Менску свайго венгерскага калегу Петэра Сіярта. Сяргей Алейнік цешыцца працягу афіцыйнай эканамічнай супрацы, якую прынамсі не афішуюць іншыя краіны Захаду. Дыпламаты таксама выступілі за неадкладныя мірныя перамовы па Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паколькі вайна ва Украіне не вырашаецца вайсковым шляхам, трэба ўзнаўляць мірныя перамовы – заявілі ў Менску кіраўнікі вонкавапалітычных міністэрстваў Беларусі і Вугоршчыны. Петэр Сіярта рэпрэзентуе краіну, што – насуперак большасці сябраў Еўразвязу – супраць падтрымання Украіны зброяй.

«Напрыклад, цяпер на ўзроўні Еўразвязу праводзяцца вельмі важныя перамовы аб пакетах дапамогі Украіне і адкрыцця афіцыйных перамоваў з Украінай аб далучэнні да Еўразвязу. І вось менавіта зараз Будапэшт актыўна блакуе схемы пастаўкі ўзбраенняў, якія аплачваюцца з Еўрапейскага фонду міра. І гэта, канешне, моцна абурае Еўрапейцаў», – кажа віцэ-прэзідэнтка даследчага інстытуту GLOBSEC Алена Кудзько.

Будапэшт блакуе тры траншы па 500 мільёнаў еўраў, плюс 50 мільярдаў еўраў з новага фонду дапамогі для Украіны. Еўразвяз жа раней прыпыніў выплаты Вугоршчыне з агульнага бюджэту ЕЗ – праз нямэтавае выкарыстанне часткі выдаткаваных раней грошай. Украінскае пытанне, а таксама санкцыйны ціск на Расею і Беларусь сталіся інструментам для гандлявання вугорскіх уладаў з кіраўніцтвам Еўразвязу.

«Для Лукашэнкі гэта яшчэ і падстава папрасіць дапамогі за змякчэннем старых, ці – як Сіярта ўжо паабяцаў – не прыняццем новых санкцыяў. Усе санкцыі ў Еўразвязе прымаюць адзінагалосна, таму заблакаваць ухваленне пакету санкцыяў можа нават адна краіна. Будапэшт гэта рабіў і ў мінулым даволі паспяхова», – каментуе Алена Кудзько.

Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта (злева) і міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік. Менск, 29 траўня 2024 году.
Фота: mfa.gov.by

Вугоршчына накладала вета, дамагалася выкрэслівання са спісаў канкрэтных прадпрыемстваў і канкрэтных асобаў. Гэтак, летась у жніўні намаганнямі вугорскага ды ірландскага МЗСаў санкцыяў пазбегла кампанія «Брэмар» і яе ўладальнік – бізнесовец з атачэння Лукашэнкі – Аляксандр Машэнскі. Сёння ў Менску Петэр Сіярта паабяцаў працягваць у тым жа духу. А што Вугоршчына абяцае Еўропе ў кантэксце Беларусі?

«Вугорскі бок можа заўжды паказаць: “Калі нешта спатрэбіцца і нашыя кантакты там (у Беларусі – дап. рэд.) могуць быць запатрабаваныя… Бо зусім не выключана, што калісьці будзе такая сітуацыя і мы можам выступіць у якасці пасярэдніка», – кажа гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Сустрэчы з Лукашэнкам няма ў афіцыйным календары Сіярта. Аляксандр Фрыдман думае, што на гэтым узроўні дыктатару ўжо няма пра што размаўляць, і дадае: пра развіццё стасункаў паміж краінамі сведчыла б наступная паслядоўнасць візітаў: міністр замежных справаў, потым прэм’ер, і нарэшце – прэзідэнт. Але ў (няхай і прыязных) стасунках Менск-Будапэшт – прылятае толькі кіраўнік МЗС, што сведчыць пра застой.

«Адная справа сустракацца з Алейнікам – ён тэхнічная фігура. А іншая справа сустракацца з Лукашэнкам, які палітычная фігура. Сустрэча з Лукашэнкам – гэта не вельмі добрая рэклама нават для Вугорскага кіраўніцтва», – лічыць Аляксандр Фрыдман.

Затое ў Беларусі прапаганда кожны раз выкарыстоўвае вугорскага госця напоўніцу. Праз месяц Вугоршчына прыме старшынёўства ў Еўразвязе. Будзе адказваць між іншага за распрацоўванне кампрамісных рашэнняў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»