Грузінскі закон «аб замежных агентах»: Захад адкажа пасля выбараў


Еўразвяз «разглядае ўсе варыянты» адказу на скандальны законапраект аб замежным уплыве, прыняты дэпутатамі кіроўнай партыі Грузіі. ЗША рыхтуюцца ўвесці санкцыі супраць лідараў «Грузінскай мары». Як Захад адрэагуе на ўвядзенне ў Грузіі нормаў, скіраваных супраць няўрадавых арганізацыяў і медыяў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Закон аб замежным уплыве, прыняты грузінскім парламентам, перашкодзіць еўрапейскай інтэграцыі Грузіі. Пераадоленне дэпутатамі вета, накладзенага прэзідэнтам на скандальны законапраект, пракаментавала Еўракамісія і кіраўнік еўрапейскай дыпламатычнай службы.

«ЕЗ неаднаразова падкрэсліваў, што закон, прыняты парламентам Грузіі, супярэчыць асноўным прынцыпам і каштоўнасцям ЕЗ. Яго прыняцце вядзе да адкату назад прынамсі ў трох з дзевяці кроках, […] выкладзеных у рэкамендацыі Камісіі, ухваленай лідарамі ЕЗ, якая датычаць статусу кандыдата, і негатыўна адаб’ецца на шляху Грузіі ў ЕЗ. […] ЕЗ і яго дзяржавы-чальцы разглядаюць усе варыянты рэагавання на гэтыя падзеі», – заявіў кіраўнік Еўрапейскай дыпламатычнай службы Жузэп Бурэль.

Улады Еўразвязу мяркуюць, што закон абмяжоўвае правы грамадзянаў, шкодзіць барацьбе з дэзынфармацыяй і дыскрымінуе грамадскія арганізацыі. У такім жа суровым тоне на прыняцце закону, які нагадвае рэпрэсіўны расейскі дакумент, адрэагавалі і ў ЗША.

«Дзеянні кіроўнай партыі і антызаходняя рыторыка пагражаюць дэмакратычнай траекторыі Грузіі, яе будучай эканамічнай бяспецы, сяброўству ў ЕЗ, а таксама ставяць пад пагрозу стасункі ЗША і Грузіі», – пракаментаваў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Мэтʼю Мілер.

ЗША забароняць уезд у краіну сябрам ураду і дэпутатам грузінскага парламенту, адказным за прыняцце закону, заявіў на мінулым тыдні кіраўнік Дзяржаўнага дэпартаменту Энтані Блінкен. У Еўразвязе, паводле «Файнэншал Таймз», тыдзень таму прапаноўвалі ўвесці візавыя санкцыі супраць кіроўнай партыі і нават скасаваць бязвізавы рэжым або пазбавіць Грузію статусу кандыдата. Праўда, канчатковага рашэння Брусель пакуль не прыняў.

«Ёсць шанец, што Еўразвяз спачатку ўвядзе візавыя і фінансавыя санкцыі супраць кіраўніцтва кіроўнай партыі “Грузінская мара”, а таксама супраць дэпутатаў парламенту», – лічыць эксперт Польскага інстытуту міжнародных справаў Войцех Вайтасевіч.

І Вашынгтон, і Брусель не жадаюць караць грузінскага народу, які выступае за ўступленне ў Еўразвяз і НАТО. Пратэсты супраць закону, ініцыяванага кіроўнаю партыяй, не сціхаюць ужо амаль два месяцы.

Gruzja, UE, czy Gruzja zaliczna się do Europy, czy Gruzja jest członkiem UE, zagraniczni agenci, protesty, wybory, kiedy
Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Тбілісі адбылася акцыя «дадому ў Еўропу», на якой тысячы пратэстоўцаў патрабавалі адстаўкі дзейнага ўраду. Тбілісі, Грузія. 3 ліпеня 2022 года.
Фота: Вот Так / Белсат

Апаненты Закону аб замежным уплыве мяркуюць, што ён скіраваны супраць журналістаў і назіральнікаў на парламенцкіх выбарах, якія пройдуць 26-га кастрычніка. Паводле іх, «Грузінская мара» прыняла законапраект, каб павысіць свае шанцы на перамогу.

«У выпадку, калі “Грузінская мара” перамагае, дэмакратычная супольнасць палічыць, што грамадскасць Грузіі не гатовая да еўраінтэграцыі. Калі закон, які падтрымлівае “Грузінскую мару”, перамагае – значыць, ён адпавядае нацыянальным інтарэсам, і грамадскасць не гатовая да развіцця дэмакратычных інстытутаў», – прагназуе палітолаг, прафесар Чарнаморскага міжнароднага ўніверсітэту Ніка Чытадзэ.

Закон абавязвае грамадскія арганізацыі і медыі, якія атрымліваюць прынамсі 20 адсоткаў даходаў з-за мяжы, зарэгістраваць сябе ў якасці «праваднікоў інтарэсаў замежнай сілы». Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі прапанавала зарганізаваць рэферэндум, каб скасаваць дакумент. Аднак без подпісу прэмʼера гэта зрабіць немагчыма. Лаяльны да «Грузінскай мары» Канстытуцыйны суд закон наўрад ці адменіць. На думку Войцеха Вайтасевіча, адзіная магчымасць абясшкодзіць скандальны дакумент – перамагчы «Грузінскую мару» на выбарах. Прэзідэнтка Зурабішвілі ўжо заклікала раздробленую апазіцыю абʼяднацца дзеля гэтай мэты.

Аляксандр Папко, «Белсат»