4 гады мінула з затрымання Сяргея Ціханоўскага


Чатыры гады за кратамі і больш чым год зусім без звестак. Сёння – гадавіна затрымання Сяргея Ціханоўскага. Папулярны блогер, які паказваў сапраўдную сітуацыю ў краіне, стаў для многіх беларусаў увасабленнем палітычнага лідара. Мітынгі Сяргея Ціханоўскага збіралі тысячы прыхільнікаў па ўсёй краіне. Падчас такога сходу ў Горадні Сяргея затрымалі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

4 гады таму на цэнтральнай плошчы ў Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Адбылося гэта пры зборы подпісаў за ягоную жонку Святлану падчас перадвыбарчай кампаніі. З натоўпу да Ціханоўскага выйшла жанчына, стала хапаць яго за рукі і настойліва задаваць пытанні. У тую ж хвіліну да іх наблізіліся сілавікі. Пачалася заваруха.

Тады разам з Сяргеем у чорны бусік без нумароў людзі ў балаклавах заштурхалі яшчэ васьмёх чалавек. Сярод іх – сябра каманды «Краіна для жыцця» Сяргей Фурманаў.

«Было бачна, што рыхтуецца правакацыя, што з’явіліся людзі, жанчыны гэтыя на вуліцы з незразумелымі пытаннямі да Сяргея. Магчыма, яны б і раней гэта зрабілі. Ці ў Гомлі, ці ў Магілёве. Але ж там, мне падаецца, было больш людзей», – кажа Дзмітрый Фурманаў.

Сяргей Ціханоўскі ў Горадні, Беларусь. 30 траўня 2020 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Затрымлівалі Ціханоўскага і да гэтага. У канцы 2019-га года яму прысудзілі 15 содняў за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй. У траўні 2020-га судзілі некалькі разоў у тым ліку за арганізацыю мітынгаў. Чарговы адміністратыўны тэрмін у яго скончыўся за 9 дзён да апошняга затрымання.

Аднак тым разам усё скончылася крымінальнаю справаю. У снежні 2021-га Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У 2023-ім дадалі яшчэ паўтара года нібыта за парушэнне правілаў папраўчай установы. Летась Святлана Ціханоўская атрымала ананімны ліст, быццам ейны муж памёр у Жодзінскай турме. Неўзабаве дзяржаўныя тэлеканалы прадэманстравалі відэа з Ціханоўскім у турэмнай камеры.

«З сакавіка 2023 года ніякіх навінаў. Ён, я так разумею, у поўнай ізаляцыі. Нават некалі нехта пра палітвязняў перадае вестачкі, там недзе нехта чуў, бачыў, то пра Сяргея ўвогуле такой інфармацыі няма», – зазначае абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Жорсткі прысуд і далейшая ізаляцыя Сяргея Ціханоўскага – гэта помста рэжыму, мяркуюць паплечнікі актывіста. Бо ўлады пабачылі ў блогеры пагрозу: той стаўся папулярным сярод звычайных беларусаў.

«Сяргей Ціханоўскі гаварыў простаю моваю з простымі людзьмі аб простых рэчах. І гэта людзей вельмі моцна зачапіла, бо яны стаміліся ад гальштукаў, пінжакоў і тэлевізійных клішэ. Яны стаміліся ад хлусні і падману. Сяргей Ціханоўскі паехаў да людзей сам, даў ім магчымасць выказацца», – маркуе блогер і аўтар каналу «Реальная Беларусь» Арцём Шапараў.

Яшчэ падчас следства асобу Ціханоўскага намагаліся дыскрэдытаваць, публічна дэманструючы нібыта знойдзеныя пры ператрусе 900 тысяч долараў на лецішчы маці Сяргея Ціханоўскага.

«Я не веру ў гэта. Гэта лухта, падстава для пасадкі. Прычым глядзіце, ніхто не гаворыць пра гэты мільён. Дзе ён? Мільён у яго канфіскавалі. Кватэру канфіскавалі. Далі яму штраф. Пра мільён ніхто не ўспамінае. Калі вы яму даяце штраф, забярыце штрафам гэты мільён. У чым праблема? А-а, мільёна няма!», – зазначае Арцём Шапараў.

На волі Сяргея чакаюць двое дзяцей – сын Карней і дачка Агнія.

«Мой старэйшы сын поўнасцю абстрагаваўся ад гэтай тэмы, закрыўся, і тэма таты – гэта табу. Малодшая дачка, калі згадваецца тата, – гэта заўжды слёзы, так яна перажывае гэты боль. Яна піша шмат лістоў», – прызналася Святлана Ціханоўская.

Сёння ж, у чацвёртую гадавіну затрымання Сяргея, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў. У прамове абраная прэзідэнтка працытавала пажаданне свайго мужа: не губляць веру ў тое, што праўда і справядлівасць перамогуць зло і беззаконне.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»