«Кіберпартызаны» апублікавалі базы з імёнамі даносчыкаў КДБ


Дзяніс Князеў апынуўся за кратамі праз данос былой каханай. Дзяўчына даслала ў ГУБАЗіК фатаграфіі Дзяніса з пратэстаў. Вынік – затрыманне мужчыны, бясконцыя катаванні ў СІЗА і асуджэнне на тры гады «хатняй хіміі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі я быў на Акрэсціна і калі прыйшоў следчы, і ён паклаў мне маю крымінальную справу, каб я азнаёміўся з ёй. Там былі фотаздымкі, каля адзінаццаці фотаздымкаў. І было напісана, што вось Князеў – негадзяй. Калі гэта адбылося са мной, нават Азаронак пачаў у канале пісаць, што “бачыце, новыя падыходы”, тыпу можна здаваць сваіх родных, сваіх блізкіх», – дзеліцца сваёй гісторыяй Дзяніс.

Дзяніс – не адзіны чалавек, які зазнаў пераслед пасля даносу. «Кіберпартызаны» выклалі ў сваім тэлеграм-канале базу інфарматараў, якія пісалі скаргі ў КДБ, а таксама прапаноўвалі сілавікам супрацу. Як паведамляюць хакеры, за апошнія 9 гадоў такіх зваротаў набралася каля 40 тысячаў.

«У каментарах выкінулі больш зручны фармат – тэкставы. Таксама ёсць ужо магчымасць шукаць у Экселі. Валанцёры, не з “Кіберпартызанаў”, а звонку, ужо гэта зрабілі» – кажа афіцыйная прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Хтосьці з інфарматараў самааддана супрацоўнічае з рэжымам. Хтосьці – піша кляўзы дзеля помсты ці асабістай выгады. Што падштурхнула жыхара Салігорску Ігнація Васільева напісаць данос – невядома. Мужчына абвінаваціў сваіх калег з «Белкалію» у падтрыманні пратэстаў. Маўляў, у 2020 годзе адзін з шахцёраў ездзіў на акцыі ў Менск, у той час як кіраўнік брыгады яго пакрываў.

«Няма сэнсу пісаць даносы, калі на іх ніхто не рэагуе, калі яны не даходзяць да практычнай рэалізацыі, да пакарання таго, супраць каго гэтыя даносы ладзяцца. Калі ў краіне з‘яўляецца сітуацыя масавых рэпрэсіяў – ну, вось тады з‘яўляецца масавы попыт і тады заўсёды з‘яўляецца прапанова», – адзначае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Пішуць даносы ў КДБ і грамадзяне іншых краінаў. Літовец Сяргей паскардзіўся беларускім уладам на гаспадара фірмы, у якой ён працуе. Нібыта да бізнесоўца, які мае офісы ў тым ліку ў Беларусі, прыязджалі прадстаўнікі ЗСУ.

«Мы бачылі паведамленні і ад расейцаў, якія хацелі б працаваць на КДБ беларускі і, магчыма, таксама дасылаць інфармацыю па расейскаму рэжыму, па ФСБ і гэтак далей. Таму гэта звычайная з‘ява. Мы разумеем, што беларускія агенты працуюць у Расеі, расейскія – працуюць у Беларусі. Таксама былі заявы і з суседніх краінаў: Польшча, Літва і Украіна таксама», – дадае Юліяна Шаметавец.

Практыка даносаў шырока выкарыстоўвалася з часоў Савецкага Саюзу і ўсяляк падтрымлівалася ўладамі. У чэрвені 37-га года Сталін называў данос не толькі правам, але і абавязкам савецкага грамадзяніна. Досвед тых часоў актыўна выкарыстоўвае рэжым Лукашэнкі.

«Тое, што апазіцыйная дзейнасць, іншадумства аб’яўляюцца экстрэмізмам – у такой сітуацыі вялізарная прастора для даносаў. І, зразумела, што ўлады гэтаму моцна спрыяюць», – кажа Валер Карбалевіч.

Афіцыйны сайт КДБ Беларусі не працуе ўжо больш за два месяцы. Раней «Кіберпартызаны» паведамілі, што прабраліся на серверы структуры яшчэ летась і выпампавалі адтуль усю дасяжную інфармацыю. У хуткім часе база інфарматараў будзе дапрацаваная і папоўніцца новымі звесткамі.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»