Беспілотнікі атакавалі вайсковую базу ў Севастопалі


Чорны дым над Севастопалем, больш чым за дзвесце кіламетраў ад лініі фронту. Менавіта тут, у горадзе, дзе месціцца штаб Чарнаморскага флоту Расеі, адбыўся выбух на нафтабазе.

Прадстаўнік ЗСУ – палкоўнік, кіраўнік аб’яднанага прэс-цэнтру Сілаў абароны таўрыйскага кірунку Аляксей Дмытрашкіўскі пракаментаваў яго досыць арыгінальна:

«Сабака любіць мяса,

варона любіць сыр,

а я люблю «бавоўну»

з дастаўкаю ў Крым».

Згодна інфармацыі акупацыйных уладаў Севастопалю, начную атаку па нафтабазе здзейснілі два беспілотнікі ЗСУ. Знішчаныя чатыры рэзервуары з палівам. Пацярпелых няма. Агульная плошча загарання склала больш за тысячу квадратных метраў. Гасіць пажар, якому была прысвоеная найвышэйшая ступень складанасці, скончылі толькі ў сярэдзіне дня.

«На забеспячэнні палівам Севастопаля гэта ніяк не адабʼецца. Тут захоўваўся аператыўны рэзерв, які ніяк не задзейнічаны ў паўсядзённым жыцці», – запэўніў губернатар часова анексаванага Севастопалю Міхаіл Развазжаеў.

У Галоўным упраўленні выведкі Украіны налічылі не 4, а 10 знішчаных рэзервуараў. Агульная колькасць спаленай саляркі склала блізу сарака тысяч тонаў. Ваенна-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка лічыць нафтабазу ў Севастопалі надзвычай важнаю для паўднёвай групоўкі расейскіх войскаў ды звяртае ўвагу на яе недастатковую абароненасць:

«Левабярэжная Херсоншчына, Запарожская вобласць забяспечваліся гаруча-змазачнымі матэрыяламі, у тым ліку і з гэтага абʼекту. Забеспячэнне гэтай групоўкі неідэальнае, яно кульгае. То бок такі нафтавы абʼект мусіць быць аднесены да абʼектаў павышанага стратэгічнага значэння. Адпаведна, там мусіць быць і неабходная абарона».

Расейскія «зэт-патрыёты» на пажар і прынамсі частковае знішчэнне стратэгічнага абʼекту рэагуюць нервова. Вось што кажа ваенны злачынца, былы «міністр абароны ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін):

«Украінскія нацыяналісты (я дастаткова талерантна выказаўся? Нікога не дыскрэдытаваў?) пабамбілі Севастопаль. Стратаў няма, толькі пажар. Спадзяюся, гэты сумны факт не пашкодзіць святой «збожжавай угодзе»… Так што няма пра што турбавацца на 15-ы месяц СВА. П. С. Херсонскі сорам!»

Заклікі з Расеі ўдарыць у адказ па «цэнтрах прыняцця рашэнняў» Аляксандр Каваленка ацэньвае скептычна. Хаця б таму, што нават спробаў атакаваць вуліцу Банкавую або Вярхоўную Раду войскі Пуціна так і не зрабілі.

«Яны распісваюцца ў сваёй няздольнасці рабіць акцыі ў адказ – мяркуе Аляксандр Каваленка. – І нават у нейкай меры засцерагаюцца, што такія ўдары могуць скончыцца адказам больш рашучым, непасрэдна па тэрыторыі самой Расеі, па сталіцы».

Прадстаўнік прэс-службы Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў назваў выбух нафтабазы ў Севастопалі «божаю караю» за атаку на Умань. Яна адбылася напярэдадні. Тады расейскі ракетны ўдар па шматкватэрным жылым доме забраў жыцці найменей дваццаці трох цывільных асобаў.

Ян Федаровіч, «Белсат»