Лукашэнка: «Дазволіў бязвіз, дык яны людзей сваіх не выпускаюць у Беларусь!»


З наступнага месяца павялічваюць пражыткавы мінімум. Разам з ім падымуцца працоўныя і сацыяльныя пенсіі, а таксама велічыня сацыяльнай дапамогі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Але. Існуе інфляцыя, якая, як кажуць, з’ядае надбаўкі. Калі падвышэнні ў траўні складуць 4,9 %, то інфляцыя за люты і сакавік ужо 7,7 %.

«Перш за ўсё гэта мера, каб знізіць сацыяльны ціск на стан ураду. Таму што ці гэта лістападная інфляцыя, ці гэта сакавіцкая – гэта не столькі важна. Па-першае, мы не ведаем, якая інфляцыя ў краіне. Кошты рэгулююцца і мы не можам адсочваць – 15 гэта адсоткаў ці 25 адсоткаў. І таму, я думаю, ва ўрадзе ведаюць, што каб падсаладзіць пілюлю, яны гэта робяць», – лічыць кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Падсаладзіць ёсць што, асабліва пасля пачатку вайны. Напрыклад, цана памідораў паднялася ажно на 30 %, часныку – на 10 %, малака – на 2 %.

Стан беларускай эканомікі за красавік. Інфаграфіка: Белсат

Пенсіянерка з Беларусі Тамара распавяла нам, якія прадукты асабіста для яе сталі недасяжнымі:

«Што я магу сабе дазволіць, якія прадукты? Апроч малака, нейкіх крупаў? А пра рыбу і мяса і размоваў няма. Гэта ўжо выключана. Гэта ўжо не атрымліваецца. На лекі патраціш, каб неяк тупаць да аптэкі, да крамы. А так гэта не жыццё».

Спадарыня Тамара падзялілася, што павышэння пенсіі нават не заўважае, бо кошты на прадукты, а асабліва лекі, растуць хутчэй.

«Апошнім часам 6-7. Ну, 6-7 – што гэта з 280 рублёў, падвышэнне?»

Стан беларускай эканомікі за красавік. Інфаграфіка: Белсат

Што будзе з уразлівымі групамі насельніцтва далей? Эканаміст Аляксей Харкевіч кажа, што лета змякчыць умовы:

«Зараз пачынаецца перыяд лецішчаў. У нас вырошчваюць людзі сваю гародніну, садавіну – за кошт гэтага нейкім чынам ізноў жа выжываюць. Першы ўраджай: цыбуля, яшчэ нешта – гэта ўжо эканомія для бюджэту. Я не чакаю, што кошты будуць адыгрываць вызначальную ролю ў гэты перыяд. Хутчэй за ўсё, як гэта ў прынцыпе з года ў год атрымліваецца, пытанні коштаў узнікаюць у жніўні. У нас так сістэма і задуманая: мінімальныя плацяжы падымаюць у жніўні. Не дарма іх падымаюць у жніўні – людзі пачынаюць рыхтаваць дзяцей да школы».

Пакуль жа, згодна з даследаваннем сацыёлага Андрэя Вардамацкага, больш за палову беларусаў лічаць, што эканамічны стан у краіне пагоршыўся. Але да галечы не дойдзе, лічыць Яраслаў Раманчук:

«Будзе неразвіццё. Няма такога шляху. Вось беларусы пакладуць зубы на паліцы, за стрэльбы возьмуцца – і пустыя патэльні, ганкі. А такога не будзе. Але тое, што будзе не да жыру, – гэта безумоўна».

Што робіць урад? Рэгулюе кошты, трымае кантроль над эканомікай толькі ў сваіх руках. А на пасяўной абяцае, што Захад санкцыямі не паставіць Беларусь на калені.

«Дазволіў бязвіз, дык яны людзей сваіх не выпускаюць у Беларусь! Чаму? Бо едуць людзі да нас – купляюць соль. У іх няма солі! Вялікі Захад! Багаты Захад – солі няма», – выказаўся Лукашэнка на пасяўной у Чачэрскім раёне.

Чаго няма, дык гэта прымальных цэнаў у Беларусі, напрыклад, на яблыкі. Вось той жа ўрад і скарачае санкцыйны спіс тавараў, якія імпартуюць з гэтак званых недружалюбных краінаў. Гэта мусіць унармаваць кошты і на яблыкі, і на грушы, і на перац, за які з пачатку вайны трэба плаціць на 35 % больш.

Яна Шэк, «Белсат»