Навошта КДБ кіно пра «дзяржпераварот»?


«Забіць прэзідэнта». Дзяржаўнае тэлебачанне выпусціла фільм на аснове матэрыялаў КДБ пра нібыта спробу забойства Лукашэнкі. Аўтары пераконваюць гледачоў, што здзейсніць дзяржпераварот у Беларусі хацелі ЦРУ, ФБР і Злучаныя Штаты ў цэлым. Знайшлося месца і для Фонду Сораса, і для габрэйскага лобі. Доказы – абрыўкі размоваў фігурантаў справы, склееныя такім чынам, што часам нават супярэчаць сабе. Каму выгаднае такое кіно?

Двухсерыйны фільм «Забіць прэзідэнта» працаўнікі АНТ анансавалі з абяцаннем шчырых прызнанняў фігурантаў справы ў арганізацыі перавароту і спробы забойства Лукашэнкі. Але прызнанні гучалі іначай нават у адрэдагаваным выглядзе.

«Я прызнаю сябе вінаватым, што быў, па сутнасці, выкарыстаны… як тэхнічны арганізатар», – кажа на камеру юрыст Юрась Зянковіч.

«Я прызнаю сябе вінаватым ва ўдзеле ў змове», – кажа на камеру ў КДБ паліткансультант Аляксандр Фядута.

«Прызнаю сваю віну ў тым, што даў магчымасць гэтым людзям уцягнуць сябе ў гэтыя размовы», – кажа старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Што паказалі новага, дык гэта здымкі схаванай камерай, на якіх юрыст Юрась Зянковіч размаўляе ў менскай кавярні і ў рэстаране з КДБ-істамі, якія выдаюць сябе за вайскоўцаў.

Зянковіч кажа, што будзе выходзіць на Дзяржаўны дэпартамент ЗША і за ім стаіць амерыканскае габрэйскае лобі.

Ужо ў ізалятары КДБ Зянковіч кажа, што ў Злучаных Штатах сустракаўся з чалавекам, які мог быць з ЦРУ. І гэта асноўныя доказы, разам з апублікаванай раней Зум-канферэнцыяй. Там беларускія грамадскія дзеячы, у тым ліку Рыгор Кастусёў, абмяркоўваюць, ці магчыма змяніць уладу гвалту без ужывання гвалту.

Фільм АНТ відавочна прапагандысцкі, ягоная мэта – паказаць мірны пратэст як зграю ўзброеных злачынцаў, мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«Мэта гэтага фільма – паказаць, што гэтыя змоўшчыкі не хацелі мірна чакаць, калі Аляксандр Лукашэнка сам надумае сысці, і вырашылі гэты працэс неяк падштурхнуць. Прапаганда хоча даказаць тым, хто яе глядзіць, што насамрэч апазіцыя злобная, нямірная, ваяўнічая».

Але ў фільме няма заяваў аб удзеле амерыканскіх спецслужбаў ні ад падследных, ні ад працаўнікоў КДБ. Ёсць толькі агульнае абвінавачанне Захаду ў спробе агрэсіі.

У якасці доказу КДБ прыводзіць паказанні журналіста Уладзіміра Чудзянцова, які 2 гады таму трапіў за краты ў наркатычнай крымінальнай справе.

Чудзянцоў – неадназначная фігура, шмат гадоў таму ён нават атрымаў псеўда-ўзнагароду «Чорны крумкач» ад Беларускай асацыяцыі журналістаў, прыгадвае Віталь Цыганкоў.

«Такія людзі першымі трапляюць на гачык спецслужбаў. А тут чалавек за кратамі, даўно сядзіць, і каментуе падзеі, якія адбыліся, калі ён ужо быў за кратамі. Мне падаецца, гэта самае глупае рашэнне аўтараў фільму», – перакананы адмысловец.

Эксперт падкрэслівае, што і Юрась Зянковіч у палітычным асяроддзі вылучаўся авантурызмам і няздатнасцю пралічваць свае крокі наперад. А гэта не магло застацца без увагі спецслужбаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»