«Беларускі трэкер пераменаў» зафіксаваў дэфолт


Найбольшы эканамічны спад і скарачэнне вытворчасці за чвэрць стагоддзя перажыла Беларусь за мінулы год. Каб неяк перакрыць бюджэтны дэфіцыт, у студзені і лютым рэжым Аляксандра Лукашэнкі павялічыў падаткі і зборы. Таксама ўсё больш прадпрыемстваў пераходзіць ва ўласнасць дзяржавы. Такія высновы ўтрымлівае даследаванне «Беларускага трэкеру пераменаў», які фіксуе палітычныя і эканамічныя тэндэнцыі ў беларускім грамадстве. Галоўнае пытанне – ці стала ў Беларусі больш прыхільнікаў Лукашэнкі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пакуль у Беларусі няма незалежнай прэсы, дзейнічае інфармацыйная блакада і рэпрэсіі за падпіску на недзяржаўныя СМІ, то і павестка дэмакратычных сілаў для людзей – не на першых месцах. Такую выснову робяць даследчыкі з «Беларускага трэкеру пераменаў» – незалежнага даследчыцкага праекту.

«Рэжым актывізуе сваю міжнародную дзейнасць і трымае курс на герметызацыю палітычнай сістэмы. У дэмакратычных сілах працягваюцца спрэчкі. Недахоп грошай прывёў да дэфолту і падвышэнню падаткаў. На базе антываеннага кансэнсусу ўзмацняецца грамадскі запыт на спакой. Рэжым пашырае сферы свайго кантролю і вядзе “ціхую” вайну супраць дыяспары», – пазначана ў падсумаванні даследавання.

Даследчыкі таксама адзначаюць, што вырасла колькасць беларусаў, якія падтрымліваюць або хутчэй давяраюць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 66% апытаных можна аднесці да тых, хто не супраць дзейнай улады. У лістападзе быў 61%.

«Мы не кажам, што ў грамадстве гэтых людзей 66%. Я і калектыў аўтараў даследавання падкрэслівалі некалькі разоў, што не ведаем дакладнага размеркавання даверу да дзяржаўных інстытутаў у грамадстве», – тлумачыць Філіп Біканаў, сацыёлаг, аналітык «Беларускага трэкеру пераменаў».

Нельга казаць, што 2/3 беларусаў – за Лукашэнку. Але тэндэнцыя невялікага росту даверу ёсць.

«Самі даследнікі выразна адзначаюць, што можа быць шмат скрыўленняў. Па прычыне выбаркі, фактару страху і інш. Тут хутчэй пытанне іншае: ці магчыма на фоне вайны вырас ці не зменшыўся працэнт прыхільнікаў ці тых, хто давярае ўладзе. Я думаю, што гэта магчыма», – мяркуе Пётр Рудкоўскі, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS).

Як адзначае Пётр Рудкоўскі, калі ў суседзяў ідзе вайна, паўсюль буяюць моцныя эмоцыі, то ёсць і страх, што вайна перакінецца ў Беларусь. Тады людзі гуртуюцца вакол фактычнай крыніцы ўлады, нават нелегітымнай. Але гэтыя настроі хутка прыходзяць і хутка сыходзяць. І могуць лёгка ператварыцца ў адваротныя.

«У Беларусі існуе антываенны кансэнсус. Ён азначае не тое, што людзі моцна падтрымліваюць Украіну. А тое, што ўсе людзі, і прыхільнікі, і праціўнікі (рэжыму) супраць таго, каб беларускія войскі былі задзейнічаныя. Менавіта каб скіроўваць салдат удзельнічаць у гэтай вайне», – падкрэслівае незалежны сацыёлаг Канстанцін Несцяровіч.

Калі Лукашэнка загадае сваім генералам скіраваць беларусаў ваяваць за Пуціна, то яго не зразумее нават большасць сённяшніх лукашыстаў, мяркуюць эксперты.

«Будзе вельмі высокі градус крытыцызму. Ці гэта выльецца ў маніфестацыю пратэсту – іншая справа. Хутчэй за ўсё не, і не адразу», – кажа Пётр Рудкоўскі.

Пакуль беларускі фронт не адкрыўся, людзей найбольш хвалююць кошты, заробкі і дабрабыт. Асабліва цяпер, калі эканамічнае становішча ў Беларусі пагаршаецца, у тым ліку ў рэальных заробках.

Пры гэтым, насуперак катаванням у турмах і моцнай хвалі эміграцыі, перакананыя прыхільнікі дэмакратычных пераменаў у Беларусі засталіся.

«У Беларусі тэрор. Забаронена ўсё, што толькі можна забараніць. Пастаянна працягваюцца затрыманні, дагэтуль, сотні людзей. Прайшло 2,5 гады. І тым не менш, вялізная колькасць людзей змагаецца з гэтым рэжымам. Яны супраць гэтага рэжыму. Хоць ім прыстаўляюць пісталет да скроні, яны не адмаўляюцца ад сваіх перакананняў», – нагадвае Канстанцін Несцяровіч.

Як толькі адчыніцца вакно магчымасцяў – у Беларусі будзе рэвалюцыя, перакананы Канстанцін Несцяровіч. А рэзкае падзенне ўзроўню дабрабыту выкліча рэзкі рост незадаволенасці нават сярод тых, хто цяпер не мае выразнай пазіцыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»