З гарадзенскага ІЧУ вызвалілі Паўла Мажэйку


Журналіст і вядоўца «Белсату», кіраўнік гарадзенскага «Цэнтру гарадскога жыцця» Павел Мажэйка – на волі. Яго затрымлівалі на 72 гадзіны за карціну на выставе, якая, па меркаванні пракуратуры, «рэабілітавала і апраўдвала нацызм». На карціне – выява ўдзельніка антыбальшавіцкага пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара. Аўтара партрэту знакамітага мастака Алеся Пушкіна сёння звольнілі з працы.

«Няма падставаў для далейшага ўтрымання пад вартай» – з такой фармулёўкай журналіста Паўла Мажэйку вызвалілі з гарадзенскай турмы. Яго затрымалі 26 сакавіка ў межах крымінальнай справы за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Іх пракуратура Горадні ўбачыла на персанальнай выставе мастака Алеся Пушкіна, якая праходзіла ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця, а менавіта ў партрэце ўдзельніка антыбальшавіцкага пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара.

«Я спадзяваўся, што нейкае рашэнне будзе прынятае бліжэй да позняй ночы, таму што трое содняў пройдзе, а ў 16:00 прыйшла следчая і дала пастанову, што адпалі ўсе падставы для майго ўтрымання. Вось я на волі, з чым я сябе віншую!» – дзеліцца Павел Мажэйка.

Самой крымінальнай справы пракуратура пакуль не спыніла. А Паўла Мажэйку – журналіста «Белсату» і ўладальніка Цэнтру гарадскога жыцця – у любы момант могуць выклікаць ізноў.

«Калі Паша стварыў Цэнтр гарадскога развіцця ў Горадні, гэта стала такім месцам, па-іншаму я б назваў яго месцам сілы, месцам, дзе штодня адбываліся нейкія імпрэзы, штодня адбываліся нейкія журналісцкія рэчы» – распавядае журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка.

«Павал ёсць толькі ўладальнікам Цэнтру гарадскога жыцця, дзе адбывалася гэтая выстава. Як бы ні ставіцца да асобы спадара Жыхара, прымяняць артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення, – гэта абсалютны тэрор», – упэўнены намеснік дырэктару «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Пра крымінальную справу сам аўтар карціны, мастак Алесь Пушкін даведаўся, калі быў у Кіеве. Нягледзячы на заклікі застацца, ён вярнуўся на радзіму. 27 сакавіка ў ягонай хаце ў вёсцы Бобр прайшоў ператрус. А сёння «Белрэстаўрацыя» разарвала з мастаком гадавы кантракт, які падпісала 9 сакавіка сёлета.

«Я не буду згаджацца з гэтымі довадамі пракуратуры і прызнаваць гэты факт, што я наўмысна зрабіў гераізацыю нацызму, нацыстаў і іх прыспешнікаў. Партрэт, які быў напісаны ў 2012 годзе і выстаўляўся на персанальных выставах і ў Глыбокім, і іншых гарадах, раптам становіцца такім актуальным. І за гэта можна нават тэрмін атрымаць», – адзначае мастак Алесь Пушкін.

25 сакавіка за распальванне сацыяльнай варожасці, рэабілітацыю нацызму і апраўданне генацыду беларускага народу Генеральная пракуратура адкрыла крымінальную справу супраць кіраўнікоў незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі. Прадстаўнікі польскай меншасці сваёй віны не прызнаюць.

Ігар Станкевіч, «Белсат»