Сілавікі змогуць блакаваць рахункі любога жыхара Беларусі


З першага сакавіка ў Беларусі падаражэюць некаторыя маркі цыгарэтаў. А таксама зменшыцца памер сацыяльнай дапамогі на пахаванне – яна складзе трохі меней за дзве тысячы рублёў. Але, бадай, галоўнае новаўвядзенне ад першага сакавіка палягае ў тым, што сілавікі рэжыму змогуць адвольна блакаваць рахункі грамадзянаў. Што адбываецца і як гэта можа адбіцца на простых беларусах?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ад заўтра сілавікі змогуць блакаваць рахункі любога жыхара Беларусі без санкцыі пракурора або суда. Адпаведны ўказ раней падпісаў Лукашэнка. Нібыта каб змагацца з махлярамі, ад якіх цярпяць беларусы.

«Сістэма махлярства нагэтулькі пакручастая, што адным спосабам – праверкай рахункаў, іх блакаваннем – перамагчы гэта немагчыма. Дый так званыя сілавікі і раней мелі такія магчымасці», – мяркуе прадстаўнік «Belpol» Уладзімір Жыгар.

Цяпер банкі маюць паведамляць пра нетыповыя паводзіны кліентаў у аўтаматычную сістэму апрацоўвання інцыдэнтаў. Яе стварылі адмыслова для сілавікоў. Ды што гэта значыць – «нетыповыя паводзіны»?

Сілавыя ведамствы, азнаёміўшыся са звесткамі ад банку, могуць заблакаваць расходныя аперацыі на рахунку, дэпазіце або ў электронным гаманцы на тэрмін да 10 дзён. KYC-аналітык Юрый Козік бачыць у гэтым рызыку парушэння банкаўскай таямніцы.

«То бок ёсць рызыка нематываванага выкарыстання звестак пра аперацыі асобаў, унесеных у сістэму. Паводле нарматыўных актаў, гэтыя звесткі даволі шырокія. Гэта і звесткі карыстальнікаў, і бенефіцыяраў, і сумы аперацыі, і мэта аперацыі», – мяркуе Юрый Козік.

Каб заблакаваць рух вашых сродкаў, досыць, каб у сілавікоў проста ўзніклі падазрэнні. Паводле эксперта, гэта пакідае прастору для злоўжыванняў і можа стварыць праблемы для простага беларуса.

«Калі яму трэба зрабіць нейкі тэрміновы плацеж. Напрыклад, для выплаты крэдыту. Калі гэты плацеж будзе заблакаваны, да яго могуць быць ужытыя штрафныя санкцыі за тое, што ён гэтай аплаты своечасова не зрабіў», – кажа Юрый Козік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Прадстаўнік «Belpol» у сваіх ацэнках больш катэгарычны: новы ўказ – працяг рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму.

«Гэта чарговае закручванне гаек. Гэта чарговы татальны кантроль, які карныя службы Беларусі ўсталёўваюць над звычайнымі беларусамі. Гэта ўсё накіравана толькі на тое, каб удакладняць, даведвацца, магчыма, больш аператыўна пра “данаты” і атрыманне грашовых сродкаў з-за мяжы», – мяркуе Уладзімір Жыгар.

Гэтак, працягваюць судзіць тых, хто рабіў ахвяраванні апазіцыйным ініцыятывам. А сілавікі, паводле праваабаронцаў, пераследуюць беларусаў, якія атрымлівалі дапамогу ад ініцыятывы «INeedHelpBY». Яна аплачвала куплю прадуктаў у беларускіх анлайн-крамах з замежных рахункаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»