140 гадоў мінула з дня народзінаў Антона Луцкевіча


«Бацькі беларускай дзяржаўнасці» – так часта называюць Івана і Антона Луцкевічаў. Сёння споўнілася сто сорак гадоў з дня нараджэння малодшага з братоў – Антона.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі б у 1918 годзе не абвясцілі незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі – не было б сённяшняе незалежнае Беларусі, сцвярджаюць гісторыкі. І калі б не было братоў Луцкевічаў – незалежнасці ў 1918-м не абвясцілі б.

«Людзі былі моцна ўражаныя ідэяй незалежнасці. Як жа так, яны хацелі, максімум, аўтаноміі ў складзе Расеі. Але прыехалі з Вільні браты Луцкевічы і сказалі: толькі незалежнасць. І ўсе такія: а што, можна? Можна!», – кажа журналіст Сяргей Дубавец.

Дзеячы нацыянальнага руху, сярод іх і Антон Луцкевіч, стварылі не толькі незалежную дзяржаву, але і падмуркі беларускага нацыянальнага жыцця, як палітычнага, так і культурнага.

«Першую палітычную партыю, першую газету на ўсе часы, “Нашу Ніву”, віленскую беларускую гімназію і шмат іншых інстытуцыяў», – пералічвае Сяргей Дубавец.

Антон Луцкевіч падкрэсліваў, што для стварэння дзяржавы мала акрэсліць яе тэрыторыю і абвясціць незалежнасць. Краіна мусіць мець і моцны эканамічны грунт, незалежнасць эканамічную.

Антон Луцкевіч з сям’ёй.
Фота: wikimedia.org

«Хай гарачыя галовы думаюць, што адно гутаркай у роднай мове, адно верай у нацыянальны ідэал яны збудуюць будучае шчасце свайго народу. Але палітыкі – цвярозыя палітыкі з халодным разважлівым розумам – павінныя пад будучую нацыянальную будоўлю падвесці крэпкія фундаменты: забеспячэнне эканамічнага росквіту», – падкрэсліваў Антон Луцкевіч.

Антона Луцкевіча трымалі за кратамі і царскія ўлады, і савецкія.

Пасля акупацыі Заходняе Беларусі савецкімі войскамі яго арыштавалі ў Вільні і перавезлі ў Менск. НКУС прысудзіў яму восем гадоў лагераў.

«Проста адправілі яго ў канцлагер, з якога ён ужо не выйшаў. Натуральна, што гэта для Беларусі была вялікая страта, асабліва ўлічваючы, што ў нас не было вялікай колькасці інтэлігенцыі, тым больш – такога маштабу», – падкрэслівае гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Сённяшні рэжым у Беларусі, як і раней савецкія ўлады, Антона Луцкевіча нацыянальным героем не лічыць.

«Ён успрымаецца як чалавек, што змагаўся за іншую Беларусь, не за тую, якая ў рэшце атрымалася ў выкананні цяперашніх уладаў. Таму ён не ўпісваецца ў той пантэон, які хацелі б мець лукашысты», – кажа Аляксандр Пашкевіч.

Ні дакладная дата, ні месца пахавання Антона Луцкевіча не вядомыя. Сімвалічная магіла нацыянальных герояў Антона і Івана Луцкевічаў месціцца ў Вільні на могілках Росы. У Менску ж на хвалі дазволенага рэжымам святкавання стагоддзя незалежнасці ў парку Купалы ўсталявалі памятны камень братам Луцкевічам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»