«Казалі, што вы, бэчэбэшнікі, павінны нас, АМАПу, баяцца». У гарадзенскіх рэдакцыях адбыліся ператрусы


«Мяне ўвесь час правакавалі, абражалі. Назвалі майго дзеда паліцаем, майго дзеда, які прыйшоў з вайны з ордэнам. Казалі, што вы, бэчэбэшнікі, павінны нас, АМАПу, баяцца. На што я адказаў, што вас няма чаго баяцца», – згадвае ўладальнік крамы «Адметнасць» Сяргей Верамеенка.

Да крамы пытанняў пакуль няма. Ператрус зладзілі ў Hrodna.life, што ў суседнім памяшканні, а таксама дома ў рэдактара парталу NewGrоdno.by Ігара Рэмзіка. Распачаты адміністратыўны працэс, паводле гарадзенскай міліцыі рэсурсы захоўваюць матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі.

«Рэдакцыі ўказаных інтэрнэт-рэсурсаў мелі дастаткова часу для прывядзення сваёй дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь па супрацьдзеянні экстрэмізму, чаго імі зроблена не было. Больш за тое, абодва рэсурсы асвяцілі ў сябе прызнанне матэрыялаў дэструктыўнага тэлеграм-каналу экстрэмісцкімі», – сцвярджае прадстаўнік гарадзенскага аблвыканкаму Яўген Дудко.

За захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў рэдакцыям пагражае штраф да 14,5 тысяч рублёў і канфіскацыя абсталявання. У Hrodna.life забралі ўсе флэшкі, ноўтбук, чатыры фотаапараты, дрон, скрынкі з календарамі, гульнямі ды часопісамі. Падчас ператрусу прадстаўнікоў рэдакцыі ў офісе не было.

«Як мне патлумачыў спадар Вайцешка, які кіраваў тут працэсам вобшуку, гэта былі тры матэрыялы, звязаныя з самі ведаеце якім тэлеграм-каналам. Да таго ж у адным з іх – мне паказалі фотакопію старонкі – Hrodna.life прасіла сваіх чытачоў не карыстацца гэтым каналам і выдаліць яго, па магчымасці, са сваіх сродкаў сувязі», – распавядае рэдактарка Hrodna.life Ірына Новік.

Рэдактара NewGrodno.by адпусцілі пасля допыту і забралі сістэмны блок камп’ютара.

«Сама працэдура і ўзбуджэнне крымінальнай справы па распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і сам падыход да вызначэння, што ёсць экстрэмісцкімі матэрыяламі, не адпавядае міжнародным стандартам у галіне свабоды слова», – тлумачыць юрыст і намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.

Гэта не адзіны выпадак ціску на рэгіянальныя медыі на гэтым тыдні. У аўторак адбыўся ператрус у выдаўца, дырэктара і ў офісе берасцейскага часопісу «Бинокль». Тады ў межах праверкі за нявыплату падаткаў супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнага кантролю забралі тэхніку і дакументы.

«Тое, што адбываецца ў рэгіёне, тое, як асвятляецца рэгіянальнымі медыямі, мае не вельмі вялікую, але ж сваю статычную аўдыторыю, якая большасць інфармацыі ўсё ж атрымлівае ад недзяржаўных медыяў», – тлумачыць Алег Агееў.

Сёння ж у Менску затрымалі журналістку TUT.by Надзею Калініну. Вядома, што карэспандэнтка – на Акрэсціна. Цяпер за кратамі 10 журналістаў, у тым ліку нашыя каляжанкі Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»