«Для аднаго парыка патрэбныя 3-4 донары». Валасы ў падарунак ад ініцыятывы «Hair for Share»


«Я глядзела тэлевізар з мамай і ўбачыла, як дзяўчынка абрэзала валасы для парыка. Мне стала цікава, таму я захацела дапамагчы дзецям», – распавядае Ганна.

«У дзіцяці з’явілася такое жаданне, яна адрошчвала валасы, і мы вырашылі, што «цяпер самы час», – кажа маці Ганны Вольга Сташок.

Стрыжка для Ані ў салоне бясплатная – у гэтым сутнасць ініцыятывы «Hair for Share», ці «Падзяліся валасамі». У праекце бяруць удзел больш за 30 цырульняў ва ўсёй Украіне. Грошай не бяруць з кліентаў, якія ахвяруюць свае косы для парыкоў. Парыкі прызначаныя для анкахворых дзяцей, што страцілі валасы ў выніку хіміятэрапіі.

«Для аднаго парыка патрэбныя 3-4 донары», – тлумачыць цырульнік Максім Несцераў, які далучыўся да ініцыятывы два гады таму – як толькі яе стварылі.

«Па-першае, я люблю сваю працу, а па-другое, дапамога дзецям – гэта вельмі важна. У мяне двое малых дзяцей, і калі я бачу гэтую бяду ў сямʼі, як для дзіцяці так і для бацькоў, думаю, чаму б не дапамагчы. Усіх грошай я ўсё адно не зараблю», – кажа Максім Несцераў.

Такі парык носіць і адзінаццацігадовая Каміла. Больш як год таму ў дзяўчынкі дыягнаставалі рак лімфатычнай сістэмы.

«З першага блоку пачалася хімія, і ў Камілы пасыпаліся валасы. Яна трое содняў не размаўляла», – кажа маці Камілы Альяна Гарыпава.

«Калі я толькі засталася без валасоў, я пачала плакаць. Я думала, што я непрыгожая і буду непрыемнай для іншых. Я ня ведала, што буду мець парык. Аднойчы мама выйшла з палаты і вярнулася з прыгожай скрыначкай. І кажа: гэта табе падаруначак. Калі я адкрыла, то вельмі моцна здзівілася. Гэта быў адзін з найлепшых дзён у лячэнні», – згадвае Каміла.

Ва Украіне праект нарадзіўся ў Львове. Спачатку валанцёры зрабілі 10 парыкоў для падапечных фонду «Крила надії» – там дапамагаюць цяжкахворым дзецям. Ініцыятыву вырашылі пашырыць, каб падтрымаць больш дзяцей.

«Дзеці, якія губляюць валасы праз хіміятэрапію, перажываюць моцны стрэс, яны складаней вяртаюцца ў садок ці школу, радзей гатовыя гуляць з іншымі. Часта сутыкаюцца з неразуменнем», – кажа сузаснавальніца ініцыятывы «Hair for Share» Лілія Кузік.

За два гады больш як дзве тысячы асобаў абрэзалі свае валасы, з якіх зрабілі каля двухсот сарака парыкоў. Тыя, хто не гатовы стрыгчыся, могуць дапамагчы праекту фінансава: на стварэнне парыкоў валанцёры збіраюць грошы, а майстры робяць іх па ніжэйшых коштах.

«Для дзяцей гэта сапраўды магічны парык, які дапамагае захаваць добры настрой. І паколькі гэта натуральныя валасы, яны дыхаюць, яны падобныя да сваіх», – тлумачыць Лілія Кузік.

Летась валанцёры пачалі рабіць парыкі і для анкахворых жанчын, якім таксама патрэбная такая падтрымка.

Марына Ступак, Пётр Барэйка, Ірына Дарафейчук, «Белсат»