Больш за дзясятак прысудаў на дзень: у Менску – «хіміі», у Віцебску – содні


Студэнта БДУІР Арцёма Вінакурава вызвалілі з-пад варты ў залі суда. За заклік да агульнанацыянальнага страйку 21-гадовага маладзёна асудзілі на тры гады «хіміі» ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Да суда Арцёма ўтрымлівалі ў СІЗА.

«Гэта выклікала шмат хваляванняў, перажыванняў, але я рады, што гэта ўсё засталося ззаду, і больш мне не прыйдзецца туды вяртацца», – дзеліцца ўражаннямі Арцём Вінакураў.

«Прысуд не проста суворы, ён проста незаконны», – упэўненая Наталля, маці сябра Арцёма.

На два гады гэтак званай хатняй хіміі – абмежавання волі без накіравання ў турму – суддзя Заводскага раёну Менску Кацярына Мурашка асудзіла 19-гадовую Рэнату Смірнову. Дзяўчыну вінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага ладу і ва ўдзеле ў маршы супраць тэрору 1-га лістапада.

Хапала працы і ў віцебскіх судоў: адразу пяць адміністратыўных паседжанняў. Суддзя Міхаіл Зубеня пакараў блогерку Алену Янушкоўскую сямю соднямі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні. Падставаю стала відэавіншаванне з Новым годам і Калядамі, якое жанчына зняла падчас сяброўскай пагулянкі. Цяпер Алена ў ізалятары.

«Мы думалі, што зараз паедзем сустракаць маці з ІЧУ, забярэм яе дадому, і ўсё будзе добра. Думалі, што штраф дадуць. Але хаця за што тут даваць? За тое, што яна павіншавала людзей з Новым годам і сказала «Жыве Беларусь!»?» – не крые расчаравання Юлія Ўласенка дачка Алены Янушкоўскай.

Напярэдадні той жа суддзя пакараў штрафам і дачку Янушкоўскай, Юлію Уласенку.

«Я ацэньваю гэта ўсё, што адбываецца зараз у судах, учорашні суд над Юліяй, над Алёнай, як ганьбішча! Ганьба настолькі судовай сістэме, што аж перакрывае дыханне!» – абураецца актывістка Ганна Севярынец.

23 студзеня гулялі па Віцебску з чырвона-белымі кветкамі – у выніку правялі двое содняў у ізалятары.

«На нас набегла чалавек 10. Звязалі рукі, стаялі, пыталіся. Казалі: «Дабегаліся! Паедзеце з намі». Не прадставіліся, проста засунулі ў машыну і ўсё», – распавядае Алена Філіповіч.

«Першапачаткова нас адвезлі ў РУУС для высвятлення асобы. Сказалі, асобу высветлім і адразу адпусцім. Таму мы не супраціўляліся, без праблем. Добра, едзем. Там нас пратрымалі 13 гадзінаў у боксе пасля ўстаноўкі асобы і потым адправілі ў ІЧУ», – дадае Ганна Каваленка.

Суддзя Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзеў справу Ганны Каваленкі ды Алены Філіповіч і скіраваў яе на дапрацоўку.

«Што яму перашкаджала адправіць адразу матэрыялы для выпраўлення недахопаў, не зразумела. Ён правеў поўнамаштабнае паседжанне. Агучваў матэрыялы справы. Заўвагаў ні ад каго не паступіла, справу скіравалі на дапрацоўку. Тэатр абсурду», – каментуе праваабаронца Павел Левінаў.

Толькі ў Менску за ўдзел у масавых мерапрыемствах штрафамі ды соднямі сёння пакараныя 7 чалавек. Агулам у Беларусі прайшло больш за дзесяць адміністратыўных працэсаў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»