За кошт чаго вырасла беларуская эканоміка?


Вайна Расеі супраць Украіны і санкцыі. Гэтыя два вонкавыя фактары моцна паўплывалі на беларускую эканоміку ў 2023 годзе. Паводле кіраўніка праекту «Вашы грошы» Уладзіміра Кавалкіна, сёлета рэжым навучыўся шмат у чым абыходзіць санкцыі, але негатыўны ўплыў ад іх застаецца. Напрыклад, адток працоўнай сілы. І гаворка не толькі пра айцішнікаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта ад’езд іншых высокакваліфікаваных супрацоўнікаў з вышэйшай адукацыяй, напрыклад, лекараў. Мы бачылі ўвесь гэты год нарады ў Лукашэнкі і спробы ўвесці прыгоннае права асобнае для лекараў».

Уплываюць санкцыі і на курс долара. Гэтак, калі роўна год таму амерыканская валюта каштавала 2 рублі 68 капеек, то сёння – 3 рублі 19 капеек. Прычына дэвальвацыі, кажуць нашыя эксперты, у залежнасці беларускага рубля ад расейскага. А той слабее праз скарачэнне экспарту нафты. Але гэта яшчэ не ўсё.

«Фактычна нібыта імпарт ідзе, а экспарт нельга ў зону выкарыстання долараў і еўраў у тых жа абʼёмах захоўваць», – зазначае фінансіст Віталь Алейнік.

Тым не менш беларуская эканоміка сёлета дэманструе рост. Прынамсі, афіцыйна. Паводле Белстату, за 11 месяцаў рост эканомікі склаў 3,8 %.

«З пункту гледжання макраэканамічнага, у спакойнай сітуацыі гэтыя лічбы можна лічыць дастаткова ўдалымі і ў межах таго, каб можна было захоўваць нейкі ўстойлівы рост. Зразумела, што на тле дэвальвацыі так казаць цяпер нельга», – кажа Віталь Алейнік.

«Гэта ўсё адбывалася на фоне вельмі нізкай базы 2022 года. Калі ВУП упаў, калі цэны моцна раслі, іх толькі ў канцы года затармазілі за кошт жорсткага рэгулявання. І трэба адзначыць, што ў 2023 годзе жорсткае рэгуляванне цэнаў захавалася», – падкрэслівае экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна.

Сёлета станам на лістапад (а гэта апошнія на сёння лічбы) афіцыйна інфляцыя складала 5,4 %. Уладзімір Кавалкін, спасылаючыся на ўласныя даследаванні, сцвярджае, што рэальная інфляцыя – ад 15 да 19 %. З гэтымі лічбамі супадаюць і падлікі журналістаў нашага тэлеканалу. Штогод белсатаўцы разлічваюць «Індэкс аліўе», то бок колькі трэба заплаціць за прыгатаванне гэтай салаты. За год яна падаражэла рэкордна, амаль на 16 %. А значыць, утрая абагнала афіцыйную інфляцыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Белстат у інфляцыйным кошыку мае тыя тавары, у тым ліку цэны на якія рэгулююць. То бок інфляцыя ў нас не сапраўдная, а штучная. Адсюль і рост рэальнага заробку, і рост рэальнага ВУП. Чаму? Таму што рэальны ВУП – гэта намінальны ВУП, падзелены на інфляцыю», – канстатуе Уладзімір Кавалкін.

Што ж да заробкаў, ізноў жа паводле афіцыйнай статыстыкі, за год яны выраслі больш чым на 300 рублёў, або на 13,5 %. То бок заробкі нібыта раслі больш чым удвая хутчэй за інфляцыю.

«Калі вельмі хутка растуць заробкі, адпаведна, мусіць хутка расці і вытворчасць. То бок эфект ад гэтай працы чалавека таксама мае расці. Але прадпрыемствы не могуць так хутка перастройваць свае тэхналогіі, каб падвышаць вытворчасць», – кажа Анастасія Лузгіна.

Паводле эксперткі, гэткі разагрэў эканомікі можа ўжо ў наступным годзе прывесці да росту цэнаў і дэвальвацыі беларускага рубля.

Алесь Яшчанка, «Белсат»