Ці з'явяцца ў Беларусі заходнія вакцыны?


Налета Беларусь закупіць чатыры мільёны дозаў вакцыны ад каронавіруса. Пра гэта заявіла старшыня камісіі Савету Рэспублікі ў эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец. Паводле чыноўніцы, на гэта ў бюджэце на 2022 год закладзеныя 240 мільёнаў рублёў. То бок 60 рублёў на адну прышчэпку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пра якія дакладна прышчэпкі ідзецца, не ўдакладняецца. Аднак ёсць ускосныя сведчанні, што закупіць могуць заходнія вакцыны «Pfizer» і «Moderna». Менавіта гэтыя прэпараты згадваюцца ў спісах, якія нібыта складаюцца ў медычных установах Віцебшчыны. Што праўда, абвесткі, што з’явіліся тыдзень таму, напрыклад, на сайце Гарадоцкага райвыканкаму, і ў якіх нават была пазначаная цана прышчэпкі (40–60 рублёў), сёння былі… выдаленыя.

«Няма. Не закуплялі. Там недзе нехта адмовіўся. “Файзэра” няма. Ёсць толькі “Спутнік” і кітайская. А запісу аніякага няма – папросту прыходзьце ў рэгістратуру, бярыце картку – і ў працэдурны кабінет!» – распавялі нам у рэгістратуры гарадоцкай Цэнтральнай раённай больніцы.

Пра намер паставіць у Беларусь мільёны дозаў вакцыны бясплатна заявіў Еўразвяз – у межах «Усходняга партнёрства». Што праўда, афіцыйны Менск, які яшчэ ўлетку прыпыніў свой удзел у гэтай праграме еўрапейскага добрасуседства, прапанову дапамогі праігнараваў.

«Тут патрэбны кансэнсус, тут патрэбная дамоваздольнасць, тут трэба пераступіць праз уласныя амбіцыі – найперш адміністрацыі Лукашэнкі і людзям вакол яго – і прыняць гэтыя вакцыны. Калі гэта дапаможа ўратаваць нават адно жыццё, то яно таго вартае», – рэзюмуе старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Пры гэтым, адмаўляючыся ад заходняй дапамогі, афіцыйны Менск… купляе расейскую вакцыну. Гэтак, у сярэдзіне снежня стала вядома, што за дзевяць сёлетніх месяцаў Беларусь заплаціла ўсходняму суседу больш за 42 мільёны долараў ЗША за вакцыны. А таксама выдала дазвол на выкарыстанне ў нашай краіне яшчэ адной прышчэпкі – таксама расейскай.

Валера Руселік, «Белсат»