Лукашэнка зноў просіць грошы ў Крамля


Аляксандр Лукашэнка прыляцеў на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным – шосты раз за год. Афіцыйна – каб узяць удзел у саміце СНД, дзе абмяркуюць эканамічнае супрацоўніцтва і пытанні міграцыі ў рамках Садружнасці. Неафіцыйна – каб прасіць у Крамля грошай. Колькі Лукашэнка хоча атрымаць ад Пуціна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле расейскіх медыяў, заўтра Пуцін і Лукашэнка згуляюць у матчы зорак расейскага хакею. Што праўда, Лукашэнка прыехаў у Пецярбург не для таго, каб атрымаць асалоду ад гульні.

На думку расейскае прэсы, Лукашэнка будзе прасіць у Пуціна грошы – тры з паловай мільярда долараў. Крэдыту на такую суму беларускі кіраўнік дабіваецца з лютага. У верасні Лукашэнка паведаміў, што гэтую суму ён ашчадзіў з 10-мільярднага расейскага крэдыту на будаўніцтва АЭС. Шанцы атрымаць грошы ў яго ёсць.

«Лукашэнка – зручны партнёр, паколькі ён прадэманстраваў, што гатовы прадаваць суверэнітэт Беларусі па частках, па кавалачках», – лічыць расейскі апазіцыйны палітык Леанід Гозман.

Сёлета ўрад Беларусі мусіць вярнуць замежным крэдыторам больш за два з паловаю мільярда долараў. Больш за мільярд – Расеі, паўмільярда Кітаю і яшчэ 400 мільёнаў – Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця. Выплаты замежнай запазычанасці, у якую ўваходзіць і доўг прадпрыемстваў, складуць больш за 5 мільярдаў долараў. Масква выручыць Лукашэнку, але не на тры мільярды, а на мільярд, лічыць эксперт Фінскага інстытуту міжнародных дачыненняў Рыгор Ніжнікаў.

«Экспарт аднавіўся ў добрым аб’ёме, таму эканоміка расла. Чаму ж Лукашэнка пастаянна ўздымае гэтае пытанне? На мой погляд, гэта пытанне гандлю. Паміж Пуціным і Лукашэнкам пастаянна ідзе гандаль. Лукашэнку важна, каб лічба сышлася на прымальным варыянце», – тлумачыць палітолаг.

Калі прыбыткі ад экспарту ўпадуць, то аддаваць па 4–5 мільярдаў долараў за год Менску стане цяжка – нядаўна палічыў партал finanz.ru. Золатавалютныя рэзервы нашае краіны складаюць менш за 9 мільярдаў долараў. З іх толькі 4 мільярды – у замежнай валюце. Аднак гэты год атрымаўся для афіцыйных уладаў Беларусі ўдалым – канстатуе Рыгор Ніжнікаў. Крэмль захаваў ільготную цану на газ, выдаў Менску мільярд долараў чарговага крэдыту, расейскія канцэрны працягнулі пастаўляць нафту на Наваполацкі НПЗ, які трапіў пад амерыканскія санкцыі. Чым жа ўзамен паступіўся Лукашэнка?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пуцін і Лукашэнка. Фота – president.gov.by

«Ён паступіўся сваім гонарам, – мяркуе Рыгор Ніжнікаў. Яму яго, улічваючы асабістыя адносіны з Пуціным, прыйшлося паводзіць сябе некамфортна – закусіць губу, прасіць, паводзіць сябе так, як ён не хацеў бы сябе паводзіць».

Да саступак Крамлю можна аднесці падпісаную ў лістападзе праграму Саюзнай дзяржавы. З афіцыйных заяваў – адзінай на сёння крыніцы зместу дакументаў – вынікае, што дарожныя мапы – хутчэй дэкларацыя пра намеры. Для іх рэалізацыі неабходна зацвердзіць яшчэ каля чатырохсот дакументаў. Завяршэнне інтэграцыі адбудзецца гады праз 2-3, мяркуе Леанід Гозман.

«Аншлюс Беларусі патрэбен не цяпер, а пазней – бліжэй да выбараў 2024 года, інакш усё забудзецца і зусім ніякага эфекту не будзе!» – прагназуе палітык.

Прывязка беларускага дзяржсектару да Расеі павялічваецца, пацвярджае Рыгор Ніжнікаў. Праз заходнія санкцыі беларускія ўлады пераарыентуюць на ўсход продаж калію і нафты. Але ў тое, што Крэмль далучыць Беларусь да Расеі, эксперт не верыць. Уладзімір Пуцін заняты цяпер супрацьстаяннем з Захадам, і ў адносінах з Менскам мяняць нічога не хоча. Крэмль будзе даваць дастаткова грошай, каб Лукашэнка ўтрымліваў уладу, але жыць па-панску і «адвязвацца» ад Масквы яму не дасць.

Аляксандр Папко, «Белсат»