«Будзьма» дапамагае беларускам у замежжы


9 з 10 жанчын у Беларусі адчуваюць дыскрымінацыю на працы ці падчас спробы працаўладкавацца, цвердзяць у арганізацыі «Гендарныя перспектывы». У студзені стартуе праект, які дапаможа знайсці сябе ў новых прафесіях і атрымаць веды. Будзьмаўцы ствараюць Жаночую інавацыйную сетку – WIN2BY, куды запрашаюць усіх беларусак, незалежна ад месца пражывання. Магчыма, праект дазволіць вам знайсці працу, якая натхняе, ці ўладкавацца здальне ў замежжы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Разам з дзецьмі Юлія пераехала ў Вільню сёлета ў ліпені. Чакае атрымання ўцякацкага статусу, што дазволіць афіцыйна ўладкавацца.

«Я працавала ў Беларусі на вытворчасці сыру і тут разглядала вакансіі менавіта на вытворчасць, бо нешта сваё, блізкае… Усе кажуць – як дакументы зробіце, прыязджайце», – распавядае жанчына.

Чаканне можа зацягнуцца да сярэдзіны вясны, а на падпрацоўках гаманец не надта таўсцее. «Гэта першы праект, да якога я вырашыла далучыцца», – усміхаецца Юлія.

WIN2BY (Women innovation network) – Жаночая інавацыйная сетка для беларусак – праект кампаніі «Будзьма беларусамі». Навучанне онлайн, дапамога ў працаўладкаванні, новыя знаёмствы сярод аднадумцаў. Каардынатарка праекту Святлана Чакушка тлумачыць:

«Жанчыны, калі казаць пра працаўладкаванне і іншыя сферы – гэта ўразлівая група, прадстаўніцам якой было заўжды цяжэй знайсці добрую працу. Я сама з гэтым сутыкалася калісьці, калі на сумоўях у мяне запытваліся, ці не збіраюся я ў дэкрэт».

Адукацыйныя семінары, вэбінары, трэнінгі і кансультацыі будуць праходзіць у онлайн-фармаце для беларусак з розных краінаў. Будзьмаўцы абяцаюць, што ўдзельніцы навучацца слушна складаць рэзюмэ, прасоўваць сябе і свае навыкі праз тэматычныя сацыяльныя сеткі, уладкоўвацца на дыстанцыйную ці традыцыйную працу.

«Мы паспрабуем разам з экспертамі пазнаёміць удзельніц з асаблівасцямі рынку працы ў Беларусі і суседніх краінах. Якія прафесіі запатрабаваныя, якія ёсць юрыдычныя нюансы пры працаўладкаванні ў замежныя арганізацыі,» – кажа Святлана Чакушка.

Праект раней працаваў для жанчын з Украіны, Грузіі. Таму мае ўжо базу зацікаўленых кампаніяў. Беларуска з Вільні – Юлія накіравала заяўку, каб паспрабаваць нечага новага. Заяўкі на бясплатны ўдзел прымаюцца да шаснаццатага студзеня праз форму, размешчаную на старонцы budzma.org.

Юлія Цяльпук, «Белсат»